Прадстаўнікі партый і рухаў, што ўдзельнічаюць у Курапацкай абароне, у панядзелак правялі тэрміновую нараду пасьля суботніх падзеяў, калі адбыўся сур’ёзны канфлікт паміж абаронцамі і саўладальнікам рэстарацыі Леанідам Зайдэсам.
Іх галоўная выснова: да вечара аўторка ў саўладальніка «Поедем поедим» Леаніда Зайдэса ёсьць магчымасьць заявіць пра вывад рэстарацыі з Курапатаў, інакш будзе абвешчаны поўны байкот усёй рэстараннай групе Зайдэса.
Актывісты асобна адзначаюць, што ўсе дзеяньні абаронцаў будуць мець негвалтоўны характар.
«Мы чакаем вечара аўторка — да гэтага часу ў Леаніда Зайдэса ёсьць магчымасьць агучыць рашэньне аб тым, што ён выводзіць рэстарацыю з Курапатаў, і тады мы бясплатна, дабрачынна дапамагаем яму з гэтым пераездам. То бок мы дапамагаем разабраць гэтыя збудаваньні і перавезьці ў іншае месца. Тэхнічна гэта цалкам магчыма. Калі да вечара аўторка Зайдэс не пагаджаецца на такі варыянт, то ў сераду а 12-й гадзіне каля брамы „Поедем поедим“ адбываецца прэс-канфэрэнцыя, на якой будзе агучаны пакет захадаў па поўным байкоце ўсёй рэстараннай групе Зайдэса», — сказаў Свабодзе пра вынікі нарады Павал Севярынец.
Якім можа быць байкот?
Ужо з чацьвярга, з 12-й гадзіны каля рэстарацыі «Гранд Кушавель» будуць стаяць людзі. Наведнікам прадставяць інфармацыю, хто такі Зайдэс і чым ён займаецца ў Курапатах, і актывісты будуць настойліва рэкамэндаваць не наведваць рэстарацыі.
У пятніцу а 12-й гадзіне ва Ўправе БНФ (Чарнышэўскага, 3) адбудзецца паседжаньне штабу грамадзкага байкоту — усіх тых, хто гатовы праз інтэрнэт альбо фізычна ажыцьцяўляць сыстэмны байкот «Поедем поедим» і ўсіх далучаных да гэтага рэстараннага бізнэсу.
«Па-першае, гэта будзе тычыцца пастаўшчыкоў — ім будзе прапанавана не супрацоўнічаць з „Поедем поедим“, інакш іх чакае грамадзкі байкот. Мы будзем складаць базу дадзеных наведнікаў рэстарацыі. Сталыя кліенты таксама трапяць у базу байкоту, і праз сацыяльныя сеткі будзем прасіць прыстойных людзей нават не вітацца з тымі, хто харчуецца ў „Поедем поедим“.
Акрамя гэтага, мы створым візавы сьпіс — прапанову для замежных дыпрадстаўніцтваў не выдаваць шэнгенскія візы тым службоўцам, якія пішуць даносы або ажыцьцяўляюць рэпрэсіі ў дачыненьні да абаронцаў Курапатаў, хто наяжджае на людзей альбо ўдзельнічае ў гэтым бізнэсе, пачынаючы з Зайдэса і сканчаючы ахоўнікамі», — сказаў Павал Севярынец.
Дзеяньні будуць негвалтоўныя, — Севярынец
Але ўсе гэтыя дзеяньні будуць негвалтоўныя — то бок абаронцы Курапатаў ставяць сабе рамкі негвалтоўнага супраціву, — падкрэсьлівае Севярынец.
«Калі хтосьці думае, што мы будзем штосьці самастойна разбураць ці паліць — нічога гэтага ня будзе. Мы эўрапейцы, мы беларусы, мы людзі культурныя — мы дзейнічаем негвалтоўнымі мэтадамі, але гэты супраціў будзе досыць моцны», — запэўніў Павал Севярынец.
Калі прапановы наконт перамоваў будуць — абаронцы гатовыя іх разглядаць. Але рэстарацыя на момант перамоваў павінна быць зачыненая. Папярэдне была інфармацыя, што Зайдэс гатовы сустрэцца з Рыгорам Кастусёвым і Паўлам Севярынцам у аўторак.
«Аднак пасьля папярэдняй дамоўленасьці Зайдэс прыехаў у суботу ў гэтую рэстарацыю, прыцягнуў туды сваіх сяброў і загадаў ахове пратэстоўцаў зьбіць. Натуральна, пасьля такіх дзеяньняў размаўляць зь ім павінны пракуратура і сьледчыя. Тым ня менш, калі ён захоча гаварыць з абаронцамі Курапатаў, мы будзем разглядаць гэтыя прапановы», — сказаў Свабодзе Павал Севярынец.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.