Актывісты, якія выступаюць супраць рэстарану «Поедем поедим» ля Курапатаў, рыхтуюць 7 заяваў на міліцыю Менскага раёну паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу (“бязьдзеяньне службовай асобы”).
Увечары 14 ліпеня ля Курапатаў адбыўся інцыдэнт, падчас якога на актывіста Леаніда Кулакова ля рэстарацыі «Поедем поедим» наехала чорная «Мазда». Міліцыя, якая была на месцы, ня ўмешвалася ў інцыдэнт, нічога не рабіла яна і калі ахоўнікі разам з саўладальнікам рэстарану Леанідам Зайдэсам схапілі і адцягнулі ў бок пратэстоўцаў, а таксама калі ахоўнік біў Максіма Вінярскага. Затое міліцыянты склалі пратаколы на пратэстоўцаў.
У Кулакова пашкоджаньне тазасьцегнавога сустава
Паводле Вольгі Мікалайчык, падчас інцыдэнту на актывіста Леаніда Кулакова, які стаяў ля бардзюру з рукой у гіпсе, наехала машына, у якой былі дзеці, жанчына ў сьвяточным адзеньні зь кветкамі. Кулакоў упаў на здаровую правую руку і пашкодзіў нагу, давялося выклікаць міліцыю і хуткую дапамогу.
«Кіроўца яшчэ „газануў“, удар быў моцны, я кінулася літаральна на капот. А міліцыя, якая прыехала на выклік, адмовілася прымаць ад нас заяву, пачала складаць на нас пратаколы. “Хуткая” зафіксавала ў Кулакова пашкоджаньне тазасьцегнавога сустава», — расказала Мікалайчык.
Міліцыя таксама ня ўмешвалася, калі ахоўнікі і саўладальнік рэстарану Леанід Зайдэс разам з кампаньёнам Барысам Сурысам пачалі адцягваць у бок пратэстоўцаў.
«Прычым Зайдэс выклікаў людзей у цывільным, „качкоў“, на відэа нават чуваць яго каманду: „Паціхеньку пачынаем“, ён сам ламаў тронкі і таптаў сьцягі. З рэстарацыі выйшаў ахоўнік нападпітку, пабіў Максіма Вінярскага, лупіў кулакамі па галаве. Гэта павінна быць відаць на камэрах відэаназіраньня рэстарацыі», — дадае Мікалайчык.
У панядзелак абаронцы Курапатаў разам зь юрыстамі будуць пісаць заявы ў міліцыю:
«Па-першае, кожны будзе пісаць заяву на бязьдзеяньне міліцыі (артыкул 425, частка 2 Крымінальнага кодэксу). Я асабіста буду пісаць яшчэ за зьбіцьцё, абразы і за групавую змову міліцыі з кіраўніцтвам рэстарацыі. Леанід Кулакоў — за наезд, Максім Вінярскі — за зьбіцьцё. Заявы зьбіраюцца пісаць Алесь Славінскі, Дзяніс Урбановіч, Мая Навумава, Натальля Басалыга, Вячаслаў Сіўчык».
Міліцыя інцыдэнт не камэнтуе — пакуль няма заяваў
На відэатрансьляцыі, якую вяла зь месца здарэньня журналістка Вольга Быкоўская, відаць, што міліцыя ў канфлікт ня ўмешвалася, а толькі складала пратаколы. На патрабаваньне Маі Навумавай прадставіцца адзін міліцыянт назваў сябе Мікітам Уладзімеравічам Зайцам. Знайсьці гэтага міліцыянта пакуль не ўдалося.
Начальнік прэс-службы Упраўленьня ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму Яўген Сачак паведаміў Свабодзе, што пракамэнтаваць суботні інцыдэнт ён ня можа і не ўпаўнаважаны, а калі зьявяцца заявы, то іх будуць разглядаць.
«Разьбірацца з заявамі, калі яны паступяць, будзе, хутчэй за ўсё, Бараўлянскі аддзел міліцыі Менскага РУУС — па тэрытарыяльнай прыкмеце, бо інцыдэнт адбыўся там. Калі гэта ня ў іх кампэтэнцыі, то іншы орган».
Выглядае, што разьбірацца з заявамі пратэстоўцаў будзе той самы Бараўлянскі аддзел міліцыі, супрацоўнікаў якога пацярпелыя абвінавачваюць у бязьдзеяньні.
Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
- Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.