Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уласьнік пабудовы побач зь сядзібай 18 стагодзьдзя ў Шчорсах: «Я аказаўся закладнікам сытуацыі»


Актывісты зьвярнулі ўвагу на спрэчную будоўлю побач зь сядзібай Храптовічаў XVIII стагодзьдзя. Уласьнік пабудовы Дзьмітры Шаўня пасьля выхаду папярэдняга матэрыялу прадставіў Свабодзе сваю пазыцыю. Ён кажа, што ўсё робіць па законе, але будоўлю пакуль прыпыніў.

Будоўля драўлянага аднапавярховага аб’екта вядзецца на тэрыторыі аграсядзібы «Шчорсы» ў пасёлку Шчорсы Наваградзкага раёну.

Што ўваходзіць у аграсядзібу «Шчорсы»?

Аграсядзіба цяпер складаецца з чатырох аб’ектаў. Гэта жылы дом (адноўлены «настаўніцкі дом»), лазьня (былая адрына), адрына, адкрытая альтанка (нядаўна пабудаваная). Пяты ставіцца, гэта летняя кухня. Яе будуюць са старога драўлянага дома з суседняй вёскі, які разабралі і перавезьлі сюды.

Аградсядзіба «Шчорсы» на пляне
Аградсядзіба «Шчорсы» на пляне

Апрача комплексу пабудоваў, да сядзібы належыць 25 сотак зямельнага надзелу. Тэрыторыя абгароджаная плотам.

Аграсядзіба прымае турыстаў на начлег, адкрытая для наведнікаў, якія жадаюць агледзець калекцыю карцін і прадметаў шляхецкага побыту, там ладзяцца культурныя імпрэзы. У доме рэканструяваныя пакоі Адама Міцкевіча, Яна Чачота, напалеонаўскай гвардыі з сапраўднымі гравюрамі і мапамі таго часу, на сьценах вісяць літаграфіі з замкамі Беларусі.

Адзін з пакояў аграсядзібы «Шчорсы»
Адзін з пакояў аграсядзібы «Шчорсы»

Што парушыў уласьнік?

Дзьмітры Шаўня кажа, што нічога не парушаў, і зьдзіўляецца, што мусіць апраўдвацца ў гэтай сытуацыі. «Настаўніцкі дом» (там раней жылі вясковыя настаўнікі) разам з гаспадарчымі пабудовамі і тэрыторыяй, якая да яго належыць, ён купіў улетку 2015 году ў фізычных асобаў. Дом ня быў гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Праект ягонай рэканструкцыі зацьвердзілі ў Наваградзкім райвыканкаме ўлетку 2016 году.

Праект рэканструкцыі жылога дома
Праект рэканструкцыі жылога дома

Сёлета ў траўні райвыканкам узгадніў праект новай пабудовы — летняй кухні, у якой плянуецца экспанаваць прадметы народнай культуры.

Праект летняй кухні
Праект летняй кухні

Уласьнік сядзібы кажа, што ніхто не патрабаваў ад яго ўзгадненьня праектаў зь Мінкультам або іншымі ўстановамі. Інакш бы ён усё выканаў.

Чаму тады абурыліся актывісты?

Бо новая будоўля вядзецца побач са знакамітай бібліятэкай Храптовічаў, якая ўваходзіць у палацава-паркавы комплекс графаў Храптовічаў XVIII стагодзьдзя — гісторыка-культурную каштоўнасьць. Адлегласьць ад бібліятэкі — мэтраў дзесяць.

Аграсядзіба — блізкі сусед палацава-паркавага комплексу
Аграсядзіба — блізкі сусед палацава-паркавага комплексу

Тэрыторыя вакол старадаўняга комплексу павінна ахоўвацца дзяржавай. Але дзе праходзяць яе межы, дакладна не вядома, бо зоны аховы чамусьці пакуль ня вызначаныя. Гэта частая сытуацыя ў Беларусі, калі існуюць толькі часовыя, прыблізныя зоны аховы. Цяпер ідзе працэдура іх распрацоўкі і ўзгадненьня.

Як раней казаў Свабодзе архітэктар-рэстаўратар Раман Забела, будаваць або праектаваць пабудовы, якія ствараюць пагрозу захаваньню нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, без вызначэньня зон аховы забараняецца (артыкул 105 Кодэксу аб культуры).

Дык як тады пагадзіць пабудову і зоны аховы?

Дзьмітры Шаўня мяркуе, што такая сытуацыя склалася з прычыны розных інтэрпрэтацый новага Кодэксу аб культуры.

«Ніякіх пытаньняў да мяне з боку Міністэрства культуры не было. Наколькі я зразумеў, новы закон аб культуры настолькі размыты і настолькі па-рознаму трактуецца, што мясцовыя органы ўлады кажуць, што ўсё нармальна, журналісты пішуць, што, магчыма, парушаецца закон. Магчыма, але не дакладна. Але яшчэ ніхто не падаў на мяне ў суд. Я стаў закладнікам сытуацыі», — кажа гаспадар аграсядзібы.

Будоўлю пакуль прыпынілі
Будоўлю пакуль прыпынілі

Уласьнік па вуснай просьбе мясцовых уладаў прыпыніў пабудову летняй кухні «да высьвятленьня абставінаў і да высьвятленьня адносін Мінкульту і Наваградзкага райвыканкаму паміж сабой».

Шчорсы. За сто кілямэтраў ад Менску гінуць унікальны палац і парк, які памятае Адама Міцкевіча

«Які быў касьцёр з кніг!» Падарожжа па сьлядах Храптовічаў у Шчорсах

Падарожжа Зьітра Бартосіка ў Шчорсы

У Шчорсах побач зь сядзібай 18-га стагодзьдзя пачалася будоўля. Актывісты кажуць — незаконная

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG