У вёсцы Шчорсы пад Наваградкам разгараецца канфлікт вакол старадаўняга парку, дзе пачалі будаваць дом. Бізнэсовец заліў фундамэнт за дзесяць мэтраў ад знакамітай бібліятэкі Храптовічаў. Актывісты кажуць, што будоўля незаконная.
Што ня так з пабудовай?
Яна ўзводзіцца ў палацава-паркавым комплексе графаў Храптовічаў XVIII стагодзьдзя — гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Увесну побач з пабудовай пачалі пілаваць паркавыя дрэвы. Пасьля розгаласу высяканьне прыпынілі.
У самым парку чамусьці пакуль не акрэсьленая тэрыторыя, якая ахоўваецца дзяржавай. Цяпер распрацоўваецца праект зон аховы. Ініцыявалі гэта грамадзкія актывісты — фонд «Шчорсы і Храптовічы». Распрацоўвае праект навукова-праектны цэнтар «Рэстабіліс».
Уласьнікі паводле заканадаўства мусілі замовіць распрацоўку праекту зонаў аховы раней, але чамусьці гэтага не зрабілі.
Аднак будаваць або праектаваць пабудовы, якія могуць паўплываць на нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасьці, без вызначэньня зон аховы забараняецца, пераказвае артыкул 105 Кодэксу аб культуры архітэктар-рэстаўратар цэнтру «Рэстабіліс» Раман Забела.
«Гістарычная каштоўнасьць не выключае сучасных пабудоў, новых мэтавых прызначэньняў, калі яны гарманічна ўпісваюцца ў комплекс, не парушаюць тэрыторыі. Але гэта павінны вырашаць спэцыялісты», — кажа кіраўніца фонду «Шчорсы і Храптовічы» Ганна Булда.
Хто ўласьнік пабудовы?
Будоўлю пачаў менскі бізнэсовец Зьміцер Шаўня. Раней ён быў сябрам фонду «Шчорсы і Храптовічы». Апрача згаданага сьвежага фундамэнту яму належыць стары так званы «настаўніцкі дамок», які раней адносіўся да палацавага ансамбля. У ім уласьнік зрабіў рэканструкцыю і адкрыў аграсядзібу «Шчорсы» на 12 чалавек.
Згодна з інтэрнэт-рэклямай, «сядзіба пабудаваная ў гістарычным месцы, на тэрыторыі былога палаца графа Храптовіча». Чарговая пабудова, відаць, пашырыць турыстычны аб’ект.
Чаму так адбылося?
На «настаўніцкім дамку» няма шыльды аб ахове дзяржавай. За савецкім часам там жылі настаўнікі і нейкім чынам прыватызавалі яго. Зьміцер Шаўня набыў гэты дом ва ўласьнікаў, а пасьля запатрабаваў для сябе ў сельсавету 25 сотак зямлі побач з пабудовай — і атрымаў іх. Ён абгарадзіў сваю тэрыторыю, тым самым перакрыўшы частку старой сьцяжыны праз парк.
Хто цяпер адказвае за палацава-паркавы комплекс Храптовічаў?
Уласьнікаў некалькі. Асноўнай часткай пабудоваў валодае Наваградзкі райвыканкам. Аднак частка парку належыць Шчорсаўскаму сельсавету, частка — Міністэрству адукацыі, бо ў савецкі час участак парку ўзаралі пад школьны стадыён. Яшчэ частка зямлі не аформленая.
Ускрай парку стаіць шчыльная забудова прыватных дамоў і школа савецкага часу. «Гэтыя пабудовы таксама займаюць частку парку. Але зь імі ўжо даводзіцца лічыцца», — кажа Ганна Булда.
Як вырашаецца пытаньне?
На вусны зварот Ганьне Булдзе ў Горадзенскім аблвыканкаме адказалі, што будоўлю прыпыняць да вызначэньня зон аховы. Актывістка таксама накіравала пытаньні пісьмовы наконт запыт абласным уладам.
Якія пытаньні засталіся?
Дазваніцца да ўласьніка аграсядзібы Зьмітра Шаўні не ўдалося, ён не адказвае на тэлефанаваньні.
Навукова-праектны цэнтар «Рэстабіліс» накіраваў ліст у Мінкульт з пытаньнямі пра законнасьць пабудовы. Ён цікавіцца, ці ўзгадняла міністэрства
- павялічэньне зямельнага надзелу бізнэсоўца за кошт тэрыторыі гістарычнага парку,
- рэканструкцыю старога будынка («настаўніцкі дамок»),
- новую будоўлю, якая яшчэ ў працэсе.
Міністэрства культуры Беларусі даслала адказ, што па ўсіх трох пунктах да іх запыты па аграсядзібе ў Шчорсах не прыходзілі.
Як можна выратаваць старадаўні
комплекс?
Наваградзкі райвыканкам спрабуе прадаць комплекс праз аўкцыёны цягам году. Кошт зьменшылі да 20% ад першапачатковага. Цяпер гэта каля 25 тысяч даляраў. Чамусьці комплекс ня хочуць аддаваць за адну базавую велічыню, хоць зь іншымі пабудовамі так робіцца.
Фонд разам з валянтэрамі ўлетку плянуе расчысьціць парк ад састарэлых аварыйных кустоў і дрэў. Аднак перад гэтым трэба, каб Інстытут батанікі правёў дасьледаваньне. Цяпер вядуцца перамовы са спэцыялістамі, кажа Ганна Булда.
Мясцовыя ўлады выдзяляць грошы на гэтае дасьледаваньне не плянуюць. Каштуе яно каля 6000 рублёў.
Чым каштоўны палацава-паркавы комплекс у Шчорсах?
Яго заснаваў Яўхім Літавор Храптовіч у 1770-я гады па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака.
Маёнтак Храптовічаў лічыўся адным з самых прыбытковых у Рэчы Паспалітай. Гаспадары Шчорсаў адмянілі прыгон, упершыню ў ВКЛ пачалі ўжываць шматпольную сыстэму земляробства, вырошчваць бульбу на палях, а не ў гародах, тут апрабоўваліся самыя сучасныя на той час мэтады гаспадараньня на зямлі.
Храптовічы будавалі дамы для сялян, арганізоўвалі школы, палац меў карцінную галерэю з 200 палоцен. У парку былі высаджаныя некалькі соцень экзатычных парод дрэў.
Бібліятэка Храптовічаў налічвала больш за 10 тысяч кніг і дакумэнтаў.
Тут рос «дуб Міцкевіча», пад якім паэт пісаў сваю «Гражыну». Яго сьпілавалі.
Што захавалася да сёньня?
Сутарэньні цэнтральнага корпусу палаца, заходні флігель, бібліятэка, вяндлярня.