Неўзабаве ў відэагульні World of Tanks мае зьявіцца лякацыя «Менск», пра распрацоўку якой паведаміў фанацкі сайт wot-news.com.
Зь невядомых прычын аўтары мапы вырашылі перанесьці дзеяньне гульні з часоў Другой усясьветнай вайны на пачатак 1970-х гадоў. Мапа капіюе частку тагачаснага цэнтру Менску, раёны цырку, парку Горкага і плошчы Перамогі (ужо з манумэнтам Перамогі).
Аўтары адзначаюць, што «пастараліся захаваць агульны выгляд раёну цырку і плошчы Перамогі, але некаторыя дэталі былі зьмененыя, каб дагадзіць гульнявому працэсу». Напрыклад, на мапе не відаць першай менскай электрастанцыі, зьнесенай толькі ў 2011 годзе дзеля будоўлі гатэля, вядомага ў народзе як «Некемпінскі». Назвы вуліц на шыльдах не савецкія, а сучасныя, напісаныя па-беларуску.
Калі мапа будзе даступная для гульні, невядома. Гульцы адзначаюць, што яе варта было б выпусьціць да Дня танкіста (9 верасьня), і сьцьвярджаюць, нібы стварыць такую мапу хацеў сам заснавальнік Wargaming Віктар Кіслы.
Менск быў у значнай ступені зруйнаваны ў час Другой усясьветнай вайны як нямецкімі, так і савецкімі бамбаваньнямі. Але ў World of Tanks ёсьць ня толькі «калягістарычныя» мапы (фантастычны горад Энск або абстрактная Тундра), але і зусім фантастычныя з пункту гледжаньня Другой усясьветнай вайны (Лунапарк ці постапакаліптычны Харкаў).
Бясплатная анлайн-гульня World of Tanks мае дзясяткі мільёнаў карыстальнікаў, распрацоўваецца кампаніяй Wargaming, якая мае беларускае паходжаньне (стваральнік кампаніі Віктар Кіслы двойчы быў на першым месцы рэйтынгу самых пасьпяховых беларускіх бізнэсоўцаў) і цэнтры распрацоўкі ў Беларусі. Гульня даступная зь беларускім інтэрфэйсам. Акрамя «танкаў», Wargaming выдала анлайн-гульні пра баі караблёў і самалётаў часоў Другой усясьветнай вайны.