Кампанія «Горад для гараджанаў» апублікавала у Telegram чарговую мапу з дакумэнту, які называе «сакрэтным архівам Менскграду» — афіцыйных, але нідзе не публікаваных схемаў з генэральнага пляну Менску, распрацаваных галоўнай дзяржаўнай арганізацыяй у горадабудаўніцтве.
Паводле «Схемы ацэнкі сучаснага стану навакольнага асяродзьдзя», спрыяльныя ўмовы — на захадзе і поўначы гораду, часткова — на паўночным усходзе і паўднёвым усходзе.
Самы неспрыяльны стан навакольнага асяродзьдзя — у Заводзкім раёне, даволі неспрыяльны — у самым цэнтры, у межах Першага кольца і большай часткі Другога кольца (акрамя раёну Камароўкі), у шэрагу прамысловых зонаў, а таксама ў раёне Сьляпянскай воднай сыстэмы за Батанічным садам. Адносна неспрыяльнымі лічацца таксама Сьляпянка, Цівалі, Шабаны і поўдзень Курасоўшчыны, раён «Усход».
У шэрагу неспрыяльных раёнаў даволі высокая канцэнтрацыя жыхароў.