Міністар энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас распарадзіўся пачаць аптымізацыю сеткі перадачы электраэнэргіі на паўночным усходзе Літвы.
Гэты інфраструктурны праект рэалізуецца ў рамках падрыхтоўкі сынхроннай працы з кантынэнтальнымі эўрапейскімі сеткамі, паведамляе прэс-служба Міністэрства энэргетыкі Літвы.
«У рамках праекту будуць праводзіцца працы для мадэрнізацыі сеткі, неабходныя для пасьпяховага адключэньня савецкай сыстэмы і падключэньня да бясьпечнай эўрапейскай сеткі. У той жа час, гэта забясьпечыць надзейную працу сеткі і лепшую якасьць абслугоўваньня для спажыўцоў паўночна-ўсходняга літоўскага электраэнэргетычнага сэктару і зэканоміць больш за паўмільёна эўра ў год з-за зьніжэньня эксплюатацыйных выдаткаў на электраабсталяваньне », — заявіў Жыгімантас Вайчунас.
Дзьве трансфарматарныя падстанцыі на 330 кВ у Вісагінаскім і Уцянскім раёнах будуць рэканструяваны з прыцягненьнем фондаў Эўразьвязу. Падчас рэалізацыі гэтага праекта будзе дэмантаваная самая магутная высакавольтная лінія на 750 кВ, якая злучае Ігналінскую АЭС зь Беларусьсю. Акрамя таго, зь Ігналінскай падстанцыі ў Электрэнайскую разьмеркавальную станцыю будзе перанесены шунтавы рэактар.
Плянуецца, што рэканструкцыя сыстэмы электраперадачы ў паўночна-ўсходняй Літве зойме чатыры гады і будзе завершана не пазьней вясны 2021 года. Агульны кошт праекту складае 23,9 мільёнаў эўра без ПДВ. Эўразьвяз прафінансуе 45% выдаткаў, ці 10,8 мільёна эўра.
Літва лічыць адключэньне ад расейскай сыстэмы IPS/UPS, якая аб’ядноўвае сыстэмы Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі і Літвы (БРЭЛЛ), прыярытэтам у разьвіцьці энэргетыкі.