Генэральная пракуратура не прыслухалася да патрабаваньняў маці загінулага салдата накіраваць справу на дасьледаваньне. Суд можа пачацца ў жніўні.
У канцы чэрвеня Сьледчы камітэт накіраваў матэрыялы справы аб сьмерці салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў Генэральную пракуратуру. Гэта адбылося празь дзевяць месяцаў пасьля таго, як СК афіцыйна паведаміў пра суіцыд.
Колькасьць фігурантаў справы скарацілася да трох сяржантаў
«У ходзе правядзеньня агляду месца здарэньня прыкметаў крымінальнага характару сьледзтвам ня выяўлена, — расказвала журналістам афіцыйная прадстаўніца УСК Менскай вобласьці Тацьцяна Беланог 5 кастрычніка, праз два дні пасьля выяўленьня цела салдата. — Дадзеныя, атрыманыя ў выніку першапачатковых мерапрыемстваў, дазваляюць разглядаць у якасьці асноўнай вэрсіі суіцыд. Для вызначэньня прычыны сьмерці прызначана судова-мэдыцынская экспэртыза».
Пра суіцыд адразу ж заявілі і ў Міністэрстве абароны. Аднак ужо празь пяць дзён Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па факце «парушэньня статутных правілаў паміж вайскоўцамі, якія сталі прычынай цяжкіх наступстваў». А потым пра гісторыю Коржыча даведаліся ў Адміністрацыі кіраўніка краіны, а маці загінулага салдата патэлефанавала прэс-сакратарка Лукашэнкі.
Затрымалі больш за дзесяць вайскоўцаў, сярод якіх два афіцэры і сяржанты. Першапачаткова ўсе яны абвінавачваліся ва злоўжываньні ўладай і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Пра тое, што ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча ёсьць фармулёўка «давядзеньне да самагубства», стала вядома толькі ў красавіку. Але на той час сярод абвінавачаных паводле яе не засталося ні афіцэраў, ні прапаршчыка Артура Вірбала.
«Вірбал абвінавачваецца ў тым, што фактычна карыстаўся банкаўскай карткай Коржыча, — расказаў кіраўнік Галоўнага сьледчага ўпраўленьня СК Алег Шандаровіч. — Аднак гэтыя дзеяньні не знаходзяцца ў сувязі са сьмерцю, расьсьледаваньне яго крымінальнай справы працягваецца. Тое ж самае і з Сукавенкам, ягоная справа вылучаная ў асобную вытворчасьць».
Падчас расьсьледаваньня сьмерці Аляксандра Коржыча колькасьць фігурантаў справы фактычна скарацілася да трох сяржантаў. Яшчэ аднаго затрыманага афіцэра адпусьцілі ўсяго празь некалькі дзён.
Жонка прапаршчыка: «Мой муж ні ў чым не вінаваты»
Жонка Паўла Сукавенкі, адзінага афіцэра, які быў фігурантам справы Коржыча (камандзіра роты, у якой служыў Коржыч), расказала Свабодзе, што пра тэрміны завяршэньня расьсьледаваньня яны з мужам ня ведаюць.
«Справа мужа выведзеная ў асобнае справаводзтва, — гаворыць Маргарыта Сукавенка. — Пакуль па ёй ніякай інфармацыі няма. Наша справа пакуль стаіць на месцы. Я чакаю, калі нешта стане вядома. Пра справу аб сьмерці салдата (Аляксандра Коржыча. — РС) у мяне няма ніякай інфармацыі».
Паводле яе, апошні празь нейкі рух у справе Паўла Сукавенкі быў месяц таму. Цяпер ён чакае перадачы яе матэрыялаў у пракуратуру.
Жонка Артура Вірбала, які быў прапаршчыкам у частцы Коржыча і ў якога пасьля сьмерці салдата знайшлі ягоную плястыкавую картку, прызнаецца, што перастала кантактаваць з мужам. Аднак па-ранейшаму лічыць яго невінаватым.
«У мяне не атрымалася зь ім пабачыцца за гэты час. І мы ўвогуле больш ня маем стасункаў, — гаворыць Настасься Вірбал. — Напачатку пасьля затрыманьня мы перапісваліся, але потым перасталі. Прычына гэтаму асабістая, я ня буду пра яе гаварыць. Гэта не зьвязана са справай Коржыча (паводле некаторых зьвестак, менавіта Артур Вірбал прыводзіў жанчын на тэрыторыю часткі, пра што Аляксандар Коржыч расказваў сваёй маці. — РС). На працэс мяне, відаць, паклічуць. Але размаўляць зь ім (мужам Артурам Вірбалам. — РС) я пакуль ня буду ніяк. З адвакаткай мужа я таксама больш не кантактую. Ведаю толькі, што віны сваёй муж не прызнае. Я таксама лічу, што ён невінаваты. Я жыла зь ім і ведаю, як ён ставіўся да салдат. Такога, у чым яго абвінавачваюць, быць не магло. Магчыма, ён мог пазычыць грошы. Усе мы людзі, гэта жыцьцё. Розныя бываюць сытуацыі. Але каб забіраць іх, то такога быць не магло».
Дата суду над Артурам Вірбалам таксама пакуль невядомая. Верагодна, яго і Паўла Сукавенку будуць судзіць у Барысаўскім раённым судзе, дзе ўжо прайшло некалькі працэсаў у справах аб дзедаўшчыне ў Печах.
Маці Коржыча: «Хачу, каб пакаралі ўсіх»
Маці загінулага салдата Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з тым, што судзіць за яго сьмерць будуць толькі некалькіх сяржантаў.
«Я хачу, каб пакаралі ўсіх вінаватых, а ня толькі сяржантаў, — гаворыць Сьвятлана Коржыч. — Каб кіраўніцтва часткі таксама адказала за сьмерць сына. Яны ўсе ведалі пра тое, што там адбываецца».
Ня згодная Сьвятлана Коржыч і з фармулёўкай «давядзеньне да самагубства». Яна настойвае, што Аляксандра Коржыча забілі саслужыўцы. У якасьці доказаў паказвае пасьмяротныя фатаздымкі цела сына, на якіх відаць шматлікія пашкоджаньні, у тым ліку палосы на запясьцях.
«Мне сказалі, што ўсё гэта пасьмяротныя пашкоджаньні, — кажа Сьвятлана Коржыч. — Што яны зьявіліся на целе сына ўжо пасьля сьмерці. Так было напісана ў тэксьце першай экспэртызы, тое самае ў тэксьце экспэртызы, якую рабілі пасьля эксгумацыі».
Родныя Аляксандра Коржыча сфатаграфавалі пашкоджаньні на яго целе перад пахаваньнем. Аднак гэтыя фатаздымкі ў матэрыялы справы ня ўключаныя. Маці загінулага салдата па-ранейшаму спадзяецца на асабістую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам перад пачаткам суду. Яна лічыць, што кіраўнік краіны можа дапамагчы ёй дамагчыся новага расьсьледаваньня.
Справу аб гібелі Аляксандра Коржыча будзе разглядаць Менскі абласны суд. Дата пачатку працэсу пакуль невядомая.