Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Печах, дзе служыў Коржыч, у казармах паставілі камэры відэаназіраньня


У казарме трэцяй вучэбнай танкавай роты 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў пачала працаваць сыстэма відэаназіраньня, паведаміў журналістам у суботу міністар абароны Беларусі генэрал-лейтэнант Андрэй Раўкоў.

«Сыстэма відэаназіраньня пасьпяхова працуе ў казарме 3-ці гвардзейскай школы падрыхтоўкі спэцыялістаў танкавых і артылерыйскіх падразьдзяленьняў. Праца па аснашчэньню відэаназіраньнем іншых казармаў працягваецца. Гэта рабіць трэба, бо гэта запатрабавана», — цытуе Раўкова Белта.

У казарме ўсталяваныя 64 камэры, якія працуюць круглыя суткі. Відэа запісваецца з гукам і захоўваецца каля месяца. Міністар падкрэсьліў, што якасьць запісу дазваляе распазнаваць асобы.

Паводле яго, сыстэма відэаназіраньня дазволіць павысіць кантроль за арганізацыяй жыцьця ў падразьдзяленьні.

Салдат Аляксандар Коржыч, якога ў кастрычніку 2017 знайшлі павешаным у падвале, служыў у 3-й вучэбнай танкавай роце 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру. Паводле вэрсіі Сьледчага камітэту, Аляксандра Коржыча «давялі да самагубства». Маці Аляксандра Коржыча перакананая, што сын стаў ахвярай забойства.

Па выніках расьсьледаваньня ў справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант і ягоны намесьнік, капітан, сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце захадаў прадухіленьня гібелі Коржыча з войска звольнілі пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.

Сьледчыя эксгумавалі цела салдата Коржыча на патрабаваньне маці

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG