Брытанцы Чарлі Роўлі і Дон Стэрджеэс з Эймсбэры зазналі ўзьдзеяньне нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок» пасьля таго, як узялі ў рукі заражаны прадмет, што знаходзіўся ў замкнёнай прасторы.
Да такой высновы прыйшлі ў Скотлэнд-Ярдзе, паведамляе ВВС.
Знаходзячыся на адкрытым паветры, «Навічок» павінен быў раскласьціся пад узьдзеяннем сонечных прамянёў і вільгаці, распавёў ВВС экспэрт, які працуе на брытанскі ўрад. На думку спэцыяліста, рэчыва было настолькі таксычнае, што для заражэньня было дастаткова кантакту з неабароненай скурай.
Экспэрт таксама паведаміў, што ў пацярпелых з Эймсбэры назіраюцца тыя ж сымптомы, што ў былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі, якія былі атручаныя «Навічком» у Солсбэры чатыры месяцы таму.
Роўлі і Стэрджэс па-ранейшаму знаходзяцца ў крытычным стане ў шпіталі ў Солсбэры. Лекары праводзяць ім тэрапію, абапіраючыся на практыку лячэньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў, якія выжылі пасьля атручваньня.
Лёндан абвінавачвае Маскву ў датычнасьці да замаху на Скрыпалёў, паколькі для атручваньня выкарыстоўвалася распрацаваная ў СССР баявая атрута «Навічок». Расея гэта адмаўляе.
У сувязі з новым атручваньнем «Навічком» у Эймсбэры міністар унутраных спраў Вялікабрытаніі Саджыд Джавід назваў «непрымальнай» сытуацыю, калі брытанскія грамадзяне становяцца ахвярамі «выпадковых або наўмысных» нападаў або вымушаныя хвалявацца за сваю бясьпеку, і запатрабаваў ад расейскіх уладаў растлумачыць, што адбываецца.
У Крамлі заявілі, што «устрывожаныя» новым інцыдэнтам з «Навічком», але ніякіх афіцыйных зваротаў ад Лёндану пакуль не паступала.