Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна скасуе забарону на гаспадарчую дзейнасьць у Чарнобыльскай зоне


Пятро Парашэнка вырашыў пераняць досьвед Аляксандра Лукашэнкі што да гаспадарчай дзейнасьці на радыяцыйна забруджаных тэрыторыях.

Украіна зьбіраецца перагледзець асобныя абмежаваньні і забароны на ажыцьцяўленьне дзейнасьці ў зоне адчужэньня, безумоўнага і гарантаванага добраахвотнага адсяленьня, якія былі ўведзеныя пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе.

Як прадугледжваецца указам прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, Кабінэт міністраў мае цягам 6 месяцаў распрацаваць і ўнесьці на разгляд у парлямэнт шэраг законапраектаў, скіраваных на адраджэньне радыяцыйна забруджаных тэрыторый і паляпшэньне сацыяльнай абароны грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы.

Пазбавіцца страху. Чарнобыльскі шлях Украіны за 32 гады

Плянуецца таксама вызначыць асаблівасьці функцыянаваньня і разьвіцця тэрыторый і аб’ектаў прыродна-запаведнага фонду, створаных у Чарнобыльскай зоне.

Асобна Пятро Парашэнка даручыў ураду апрацаваць пытаньне аб стварэньні трансьмежавага ўкраінска-беларускага біясфэрнага рэзервату на радыцыйна забруджаных тэрыторыях.

Паводле афіцыйных ацэнак, ва Ўкраіне ад катастрофы пацярпелі 3,2 мільёна чалавек, трэцяя частка зь іх — дзеці. Пад радыяактыўнае забруджваньне трапіла дванаццатая частка ўкраінскай тэрыторыі (больш як 50 тысяч м2), а з 76 населеных пунктаў былі эвакуаваныя 116 тысяч жыхароў.

Лукашэнка прапанаваў Украіне беларускі досьвед

Летась у часе наведваньня Чарнобыльскай АЭС Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Пятру Парашэнку вывучыць досьвед Беларусі ў аднаўленьні Чарнобыльскай зоны.

«Праца па пераадоленьні наступстваў катастрофы дала сур’ёзны штуршок для ўкараненьня інавацыйных мэтадаў у аграпрамысловым комплексе, у лясной гаспадарцы Беларусі. Гэта значыць, прыстасоўваючыся на аснове навуковых дадзеных, досьведу нашых навукоўцаў, украінскіх навукоўцаў і навукоўцаў усяго сьвету, мы навучыліся жыць і працаваць на тых землях, якія, здавалася раней, немагчыма вярнуць да жыцьця. Мы заўсёды гатовыя дзяліцца з Украінай сваімі ведамі і ў гэтай галіне», — сказаў тады Аляксандар Лукашэнка.

Разваліны ў Чарнобыльскай зоне
Разваліны ў Чарнобыльскай зоне

Лукашэнка хваліцца ростам бізнэсу на чарнобыльскіх землях

Ён таксама ініцыяваў пашырэньне супрацоўніцтва Беларусі і Ўкраіны ў сфэры радыяцыйнай бясьпекі:

«Нашы навукоўцы, мэдыкі, эколягі — усе, хто ў Беларусі і Ўкраіне працуе над ліквідацыяй наступстваў аварыі і над захаваньнем здароўя людзей на пацярпелых тэрыторыях, могуць і павінны зрабіць значна больш. Украіна цяпер плянуе стварыць радыялягічны біясфэрны запаведнік у чарнобыльскай зоне адчужэньня. Мы гэта зрабілі даўно, вы гэта ведаеце; і вы, Пятро Аляксеевіч, можаце разьлічваць на нашу сумесную працу з выкарыстаньнем вопыту Палескага запаведніку, які знаходзіцца побач з гэтым трагічным месцам».

Эколягі засьцерагаюць ад гаспадарчай дзейнасьці ў Чарнобыльскай зоне

Ірына Сухій
Ірына Сухій

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Ірына Сухій у інтэрвію Свабодзе казала, што цяпер у Беларусі на афіцыйным узроўні адбываецца прыніжэньне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Гаворачы пра прыбытак, які дзяржава атрымлівае ад дзейнасьці прадпрыемстваў на забруджаных землях, улады нічога ня кажуць пра выдаткі на ахову здароўя:

«Рашэньне рэабілітоўваць забруджаныя тэрыторыі — гэта жахлівае рашэньне. Асабліва гэта тычыцца вяртаньня зямель у сельскагаспадарчы абарот, вырошчваньня там прадукцыі і дазволу людзям сяліцца на забруджаных тэрыторыях.

За 30 год радыяактыўныя рэчывы нікуды не падзеліся. Так, існуюць тэхналёгіі, якія дазваляюць вырошчваць культуры такім чынам, каб радыянукліды не траплялі ў расьліны. Але, на жаль, ёсьць вялікія сумневы, ці могуць гэтыя тэхналёгіі карэктна вытрымлівацца нашымі сельскагаспадарчымі працаўнікамі».

У Цэнтры экалягічных ініцыятыў «Экодія» (Украіна) не выказваюць асьцярог, што ў чарнобыльскай зоне на ўкраінскай тэрыторыі будуць разьвіваць сельскагаспадарчую дзейнасьць паводле досьведу Беларусі.

«Гэта ўжо неаднойчы абмяркоўвалася, але ніякага вырошчваньня сельгаспрадукцыі там не плянуецца. Найперш будуць рэалізоўвацца праекты альтэрнатыўнай энэргетыкі — там будуць усталяваныя сонечныя батарэі, — а таксама прыродаахоўныя праекты», — сказаў Свабодзе прадстаўнік гэтай грамадзкай арганізацыі.

Беларуская зона: Чалавек тут будзе жыць ніколі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG