Патэлефанаваў учора даўняй знаёмай у вёску Савічы Брагінскага раёну. Ёй ужо за семдзесят. Вярнулася на радыяцыйную зямлю пасьля адсяленьня. Натхнёная дазволам кіраўніка краіны («Хочаце жыць у зоне — жывіце»), сказаным у тых жа Савічах крыху больш за два дзесяцігодзьдзі таму, Кацярына завяла гаспадарку, абрабляла з мужам прысядзібны ўчастак. Але муж неўзабаве памёр. Многія суседзі-самасёлы таксама перасяліліся ў свае вечныя хаціны — у канец вуліцы Леніна, дзе ў Савічах пагост. «Паганая хвароба» ў лёгкіх, як тут кажуць, зьвяла самасёлаў са сьвету.
Усяго нацярпелася і Кацярына. Нават шалёны воўк на яе нападаў, выбегшы аднекуль зь нетраў «чарнобыльскай зоны».
«Я ўжо хадзіць не магу. Анкалёгія. Во толькі ў вакно выглядваю. Меншы сын з жонкаю прыехалі з Хракавіч машынаю. Што яны ў гародзе пасадзілі, нават ня ведаю — бульбы якой, кабачкоў», — гадае ўголас аслаблым голасам Кацярына, чакаючы, пакуль сын зь нявесткаю зойдуць у хату з гароду.
Аддыхаўшыся, Кацярына прапануе: «Ты б і сам калі заехаў — дужа пагаварыць трэба. У мяне ў Бабруйску серадольшы сын Саша прапаў. Нібыта кудысьці ў Расею паехаў на заробкі — і прапаў».
Вёска Савічы, дзе жыве Кацярына, цяпер зьдзічэлы кут з насьпех кінутых хатаў, зарослых хмызам ды дрэвамі. Постапакаліптычны пэйзаж. І такіх вёсак у пацярпелых раёнах — сотні. З карты Беларусі наагул зьнікла 460 населеных пунктаў. Пятая частка насельніцтва пацярпела ад Чарнобылю. З сельскагаспадарчага абароту выбыла праз радыяцыю 265 тысяч гектараў зямель.
Каб «прытушыць» у Чарнобылі чацьвёрты атамны энэргаблёк ды зьменшыць крыху яго «радыяцыйную сяўбу», спатрэбіліся ў два першыя гады 240 тысяч ліквідатараў, а ўсяго — каля 600 тысяч.
Паводле зьвестак дэпартамэнту ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, у Беларусі цяпер налічваецца 71,9 тысячы ліквідатараў, 9734 інваліды-чарнобыльцы. На дыспансэрны ўлік, так бы мовіць, па «чарнобыльскай лініі» ўзятыя 1,5 мільёна чалавек, у тым ліку звыш 250 тысяч дзяцей і падлеткаў. І пасьля гэтага будаваць новую АЭС паводле расейскага праекту на ўласнай тэрыторыі?
Па сутнасьці, увесь цывілізаваны сьвет ад такіх крыніц энэргіі імкнецца пазбавіцца, а Беларусь, наадварот, цягне «ядзерныя катлы» да сябе, ня маючы на гэта ані сродкаў, ані ўранавых «дроў»-твэлаў, каб распаліць гэтыя самыя «катлы».
Зьдзіўляе і настойлівае жаданьне ўладаў вярнуць заражаныя радыяцыяй землі ў сельскагаспадарчы абарот. Адноўлены статус ворыўных зямель 17,5 тысячы гектараў зямель. Скасаваны кілямэтровыя ахоўныя межы наўкола Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка, хоць нават крыху знаёмаму зь фізыкай чалавеку вядома, што ніякімі ўказамі й пастановамі зямля не ачысьціцца. Патрэбна як мінімум чатыры пэрыяды паўраспаду, каб ад радыянуклідаў цэзію ды стронцыю мала што засталося. А гэта сама меней 120 гадоў ад моманту катастрофы. І калі ня мы самі, дык канкурэнты дапоўняць адпаведнымі азначэньнямі беларускую прадукцыю, вырашчаную на такіх землях. І ня важна ўжо, колькі бэкерэляў будзе ў тым жа збожжы ці малацэ — ганебная «слава» наперадзе іх пабяжыць.
Як чарнобыльскі ліквідатар, які шмат што з таго, што адбылося 26 красавіка 1986 году, бачыў на ўласныя вочы, я быў проста шакаваны прызнаньнем Аляксандра Лукашэнкі, агучаным на днях для дэпутатаў і народу: «Больш за 10 мільярдаў даляраў укладзена ў АЭС, а так і невядома, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны».
І сапраўды, Літва ад гэтай электраэнэргіі пасьля ўсіх скандалаў і пратэстаў, зьвязаных зь яе разьмяшчэньнем ля мяжы, адмаўляецца катэгарычна, Польшчы яна таксама не патрэбна. Беларускай дзяржаве бракавала нейкіх 20 адсоткаў энэргіі, якую лягчэй было знайсьці праз замену энэргаёмістых вытворчасьцяў найноўшымі тэхналёгіямі, чымсьці заручыцца лёсам зь «мірным атамам» расейскага паходжаньня.
Распачынаючы будаўніцтва АЭС, высокае беларускае кіраўніцтва нібы забылася на Чарнобыль. Ні рэфэрэндуму табе, ні паўнавартаснага грамадзкага абмеркаваньня. А калі і заяўлялі некаторыя навукоўцы, што не патрэбен краіне «ядзерны кацёл» у прыазёрным краі, то хто іх слухаў...
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.