Генэральны сакратар Беларускай фэдэрацыі футболу Юры Вяргейчык заявіў, што футбол — гэта не жаночы від спорту і што ў жанчын ёсьць прызначэньне — нараджаць. «Хочацца, каб мы для нашых любімых жанчын стваралі ідэальныя ўмовы для жыцьця. Я іх асацыюю з музыкай, танцамі», — кажа Вяргейчык.
Гэткая займальная антрапалёгія — зьява ня новая, але праз уласную распаўсюджанасьць менш ганебнай яна ня робіцца. Увогуле, калі ў адным сказе сустракаюцца словы «жанчына» і «прызначэньне», усё адразу робіцца зразумела: хутчэй за ўсё, мы маем справу зь вялікім знаўцам усіх жанчын у сьвеце, які лепш за іншых ведае, як нам (жанчынам) трэба жыць. З фантазіяй у такіх знаўцаў звычайна ўсё складана: жанчыны, паводле іх меркаваньня, створаныя для дзетанараджэньня і (апцыянальна) хатняй працы.
Але абагульняе ўсіх гэтых знаўцаў ня толькі дэфіцыт фантазіі, але і прага да падмены паняцьцяў. Замест таго, каб казаць «я хачу, каб жанчыны займаліся пераважна рэпрадукцыйнай працай» і браць на сябе адказнасьць за сваё выказваньне, яны кажуць «прызначэньне жанчыны — нараджаць», і тады ўжо ўсе прэтэнзіі нібыта трэба накіроўваць да той Найвышэйшай Сілы, якая стварыла гэтае прызначэньне.
Але ў мяне для вялікіх знаўцаў ёсьць адна навіна: жанчыны бываюць розныя! І нават калі на вашым асабістым жыцьцёвым шляху сустракаліся толькі такія жанчыны, якім цікава займацца выключна дзецьмі і домам, гэта нічога ня кажа пра ўсіх астатніх жанчын. Ну ўвогуле нічога. Па-першае, нярэдка ў жанчын ёсьць прычыны прыхоўваць ад навакольных свае сапраўдныя кар’ерныя амбіцыі, у тым ліку і з прычыны гэткіх выказваньняў пра «прызначэньне». Па-другое, вялікія знаўцы жанчын любяць гуляцца з сэнсамі і ўсіх жанчын, якія не падыходзяць пад іх сьветапоглядныя схемы, проста абвяшчаюць несапраўднымі.
Юры Вяргейчык лічыць, што жанчынам трэба ствараць ідэальныя ўмовы для жыцьця? Дык хай пачне зь сябе і перастане выказваць у публічнай прасторы ідэі, якія жанчын дыскрымінуюць. Мяне, верагодна, зноўку абвінавацяць у жаданьні ўвесьці цэнзуру, але я ўпэўненая, што за такія развагі пра «прызначэньне жанчын» людзі мусяць несьці адказнасьць (перш за ўсё, рэпутацыйную). Юры Вяргейчык мае права думаць усё, што яму хочацца, але ён мусіць разумець, што ў публічных выказваньнях гэтыя думкі трэба ўсё ж фільтраваць і што нават калі дыскрымінацыя маскіруецца пад клопат, яна ўсё адно застаецца дыскрымінацыяй.
Перашкоды ў выбары кар’еры — дакладна ня тое, што можа стварыць ідэальныя ўмовы жыцьця для жанчын. У Беларусі ўжо існуе сьпіс забароненых для жанчын прафэсій, і гэты ганебны дакумэнт дэманструе, наколькі далёка мы ад гендэрнай роўнасьці ў эканоміцы. Публічнае выказваньне пра тое, што футбол — не жаночы від спорту, толькі дадае няроўнасьці і можа стаць вырашальным у лёсе канкрэтных дзяўчатак.
Дзеля справядлівасьці зазначу, што за свае словы Вяргейчык усё ж выбачыўся. Застаецца хіба спадзявацца, што ў яго добрая памяць і што мы не пачуем ад яго ў хуткім часе нейкае новае дыскрымінацыйнае «меркаваньне».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.