Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыцкім урачам, праз абыякавасьць якіх памёр пацыент, суд дазволіў працаваць мэдсёстрамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гомельскі абласны суд перагледзеў крымінальную справу мэдыкаў з Рэчыцы. Раней суд Рэчыцкага раёну прызнаў кардыёляга і тэрапэўта вінаватымі ў «неналежным выкананьні прафэсійных абавязкаў мэдычным работнікам, якое пацягнула за сабой сьмерць пацыента празь неасьцярожнасьць».

40-гадовы Анатоль Кавалевіч трапіў у мэдычную ўстанову з ангінай. Праз суткі памёр ад стэнозу — звужэньня сьценак гартані. Урачоў пакаралі «хіміяй», са шпіталя суд спагнаў кампэнсацыю ў памеры 60 тысяч рублёў. Ні ўрачы, ні шпіталь не пагадзіліся з рашэньнем раённага суду і падалі апэляцыйныя скаргі.

Анатоль Кавалевіч з дачкой, архіўнае фота
Анатоль Кавалевіч з дачкой, архіўнае фота

4 ліпеня абласны суд пакінуў рашэньне раённай інстанцыі ў сіле. Адзінае, што суд паправіў у пастанове раённага суду, — забараніў абвінавачаным займацца ўрачэбнай, а не мэдычнай дзейнасьцю. Мэдсёстрамі ці фармацэўтамі яны змогуць працаваць.

Жыхар Рэчыцы Анатоль Кавалевіч у траўні 2016 году трапіў у інфэкцыйнае аддзяленьне рэчыцкага шпіталя з ангінай. Ён скардзіўся лекарам на боль у горле, цяжкае дыханьне, прасіў выклікаць оталярынголяга. Дзяжурныя ўрачы яго просьбы ігнаравалі, таму што «быў выходны». У мужчыны разьвіўся стэноз — звужэньне сьценак гартані, ён памёр. Удава два гады даводзіла: у сьмерці Анатоля вінаватыя лекары, а не трагічны выпадак, як сьцьвярджалі мэдыкі ды іхнае начальства.

Экспэрт аспрэчыла довады мэдыкаў: пацыента можна было ўратаваць

Лекарка Кацярына Шабетнік — у дзьвярах суду, перад ёй адвакатка ў белым.13 чэрвеня 2018 году
Лекарка Кацярына Шабетнік — у дзьвярах суду, перад ёй адвакатка ў белым.13 чэрвеня 2018 году

​На судзе ў Гомлі 4 ліпеня лекары Тацяна Краўчанка (кардыёляг) і Кацярына Шабетнік (тэрапэўт) даводзілі, што мэдычную дапамогу аказвалі пацыенту правільна, згодна з клінічнымі пратаколамі. Кардыёляг казала, што ноччу з 21 на 22 траўня 2016 году яна пасьля скаргаў пацыента прызначала яму кропельніцу. Па словах мэдыка, пацыенту зрабілася лепш, ён заснуў.

«Не было паказаньняў для выкліку вузкага спэцыяліста. Пацыенту горш не рабілася. Ён меў суб’ектыўны дыхальны дыскамфорт», — казала Тацяна Краўчанка.

Лекарка Тацяна Краўчанка, сьпінай стаіць адвакатка. 13 чэрвеня 2018 году
Лекарка Тацяна Краўчанка, сьпінай стаіць адвакатка. 13 чэрвеня 2018 году

У судзе праз Skype дапыталі судмэдэкспэрта Тацяну Віньнікаву. Яна аспрэчыла словы ўрачоў пра дастатковую мэдычную дапамогу, правільнасьць лячэньня, імавернае паляпшэньне стану хворага, адсутнасьць паказаньняў для выкліку оталярынголяга.

«Ацэнка стану пацыента была няправільная. Спачатку лячэньне было адэкватнае, але потым трэба было перагледзець лячэбную тактыку — з кансэрватыўнай на хірургічную, зрабіць разрэз, уставіць трубку, каб забясьпечыць паступленьне паветра ў арганізм. Няма дадзеных пра паляпшэньне стану пацыента, ён працягваў скардзіцца. Паказаньні для выкліку оталярынголяга былі», — патлумачыла экспэрт. Яна лічыць, што пры хірургічнай інвазіі чалавека можна было ўратаваць, і рэчыцкія мэдыкі мелі такую магчымасьць.

Тое, што ноччу Анатоль Кавалевіч спаў — ня кажа пра паляпшэньне яго стану. Паводле экспэрта, чалавек мог заснуць і ад гіпаксіі — недахопу паветра.

«Шпіталь дагэтуль ня выбачыўся перад удавой»

Павал Шамко, адвакат пацярпелай Ганны Кавалевіч, выказаўся, што пазыцыя абвінавачаных — адмаўленьне віны — накіравана на тое, каб пазьбегнуць адказнасьці, але гэтая пазыцыя ў судзе «рассыпалася на вачах», у тым ліку пасьля допыту экспэрта. Ён лічыць, што ў судзе аб’ектыўна даказана віна мэдыкаў. Іх віна — у злачынным бязьдзеяньні, калі ўрачы ня выклікалі оталярынголяга, які мог бы дапамагчы пры такім адносна нескладаным захворваньні.

Удава Ганна Кавалевіч і адвакат Павал Шамко
Удава Ганна Кавалевіч і адвакат Павал Шамко

«Іх пазыцыя была пабудаваная на падмане — што пацыенту было лепш, што не было паказаньняў выклікаць вузкага спэцыяліста. Для выратаваньня жыцьця пацыента трэба было няшмат — паклікаць оталярынголяга, агледзець горла хворага з дапамогай ня шпатэля, а адмысловага люстэрка, заўважыць абсцэс і прыняць меры па лячэньні», — падкрэсьліў адвакат.

Ён зьвярнуў адмысловую ўвагу, што шпіталь дагэтуль ня выбачыўся перад Ганнай Кавалевіч. «Чалавек памёр. І калі б нават не ад злачыннага бязьдзеяньня мэдыкаў — але ён памёр у вашым распараджэньні, у вашай сфэры адказнасьці», — дадаў Павал Шамко.

Рэчыцкі шпіталь ня хоча плаціць кампэнсацыю ўдаве мужчыны, які памёр там пасьля ангіны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG