Брытанская паліцыя выявіла мужчыну і жанчыну без прытомнасьці ў крытычным стане, верагодна, пасьля кантакту зь «невядомым рэчывам», піша The Guardian.
Як паведамляюць праваахоўнікі, гэта адбылося 30 чэрвеня ў мястэчку Эймсбэры — паблізу Солсбэры, дзе ў сакавіку нэрвова-паралітычным рэчывам былі атручаныя былы расейскі шпіён Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія.
Праваахоўнікі дадалі, што месцы ў Эймсбэры і Солсбэры, якія наведвалі пацярпелыя, закрыюць у якасьці меры стрыманьня.
Спачатку лічылася, што мужчына і жанчына, магчыма, выкарыстоўвалі какаін або гераін з партыі забруджаных наркотыкаў, заявілі ў паліцыі, дадаўшы, што далейшае расьсьледаваньне працягваецца. Абаіх шпіталізавалі ў Солсбэры.
Былы двайны агент расейскай выведкі Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі атручаныя ў брытанскім Солсбэры ў пачатку сакавіка. Лёндан заяўляе, што за замахам стаіць Крэмль, а для атручваньня выкарыстоўвалася распрацаваная ў Расеі баявая атрута «Новичок». Масква абвяргае абвінавачваньні.
Пасьля некалькіх тыдняў лячэньня Юлію Скрыпаль выпісалі зь лякарні 10 красавіка. Стан яе бацькі таксама палепшыўся ў працэсе тэрапіі. Сяргея Скрыпаля выпісалі зь лякарні 18 траўня.
Замах на Скрыпаля прывёў да паглыбленьня крызісу ў стасунках паміж краінамі Захаду і Расеяй. 14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў. Пазьней каля 30 краін абвясьцілі аб высылцы расейскіх дыпляматаў у знак салідарнасьці зь Вялікай Брытаніяй. Расея ў адказ пачала высылаць супрацоўнікаў заходніх дыпмісій.