Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скотланд-Ярд паведаміў храналёгію падзеяў у дзень атручваньня Скрыпаля


Каля лавы, на якой знайшлі Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію.11 сакавіка 2018 году
Каля лавы, на якой знайшлі Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію.11 сакавіка 2018 году

Скотланд-Ярд заяўляе, што вызначыў прыблізную храналёгію падзеяў у дзень атручваньня былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі.

Паводле заявы брытанскай паліцыі, якая была апублікаваная 5 чэрвеня, Юлія Скрыпаль прыбыла з Расеі ў аэрапорт «Хітроў», што каля Лёндана, каля 14:40 3 сакавіка. У 09:15 4 сакавіка машыну Сяргея Скрыпаля зафіксавалі ў раёне Лёндан-роўд, Чэрчыль-вэй-норт і Ўілтан-Роўд у горадзе Солсбэры, а ў 13:30 — на Дэвізэс-роўд. Каля 13:40 яны прыпаркавалі аўтамабіль ў гандлёвым цэнтры Maltings, пасьля чаго пайшлі ў Bishops Mill Pub у цэнтры горада. У 14:20 яны зайшлі на абед у рэстарацыю Zizzi, якую пакінулі каля 15:35. Прыблізна праз 40 хвілін экстранныя службы атрымалі паведамленьне, што Сяргей і Юлія Скрыпалі знаходзяцца на лаўцы каля рэстарацыі ў крытычным стане.

У паліцыі таксама заявілі, што ўжо прагледзелі больш за 4000 гадзін відэа з камэр назіраньня, атрымалі інфармацыю ад больш 900 сьведак і правялі 176 ператрусаў.

4 сакавіка былога супрацоўніка ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію знайшлі без прытомнасьці ў брытанскім Солсбэры. Лёндан сьцьвярджае, што яны былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», распрацаваным у Расеі. Масква гэта адмаўляе.

Ахвяры «Навічка». Гісторыя яду, які фігуруе ў справе аб атручэньні ў Солсбэры

Пасьля некалькіх тыдняў лекаваньня Юлію Скрыпаль выпісалі зь лякарні 10 красавіка. Стан яе бацькі таксама палепшыўся ў працэсе лекаваньня. Сяргея Скрыпаля выпісалі зь лякарні 18 траўня.

Экспэрты Арганізацыі па забароне хімічнай зброі пацьвердзілі высновы Вялікай Брытаніі аб хімічным складзе рэчыва, якім атруцілі Скрыпалёў.

Замах на Скрыпаля прывёў да паглыбленьня крызісу ў адносінах паміж краінамі Захаду і Расеяй. 14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў. Пазьней каля 30 краін абвясьцілі аб высылцы расейскіх дыпляматаў у знак салідарнасьці зь Вялікай Брытаніяй. Расея ў адказ пачала высылаць супрацоўнікаў заходніх дыпмісій.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG