Юлія Скрыпаль заявіла, што хацела б вярнуцца ў Расею «ў доўгатэрміновай пэрспэктыве». Пра гэта яна распавяла ў інтэрвію агенцтву Reuters. Гэта першая размова Скрыпаль з журналістамі пасьля таго, як у сакавіку яна разам з бацькам Сяргеем Скрыпалём апынулася ў бальніцы брытанскага горада Солсбэры з атручэньнем нэрвова-паралітычным рэчывам.
Юлія Скрыпаль падкрэсьліла, што працэс аднаўленьня пасьля атакі моцным ядам праходзіць «доўга і вельмі хваравіта». Той факт, што яна і яе бацька пайшлі на папраўку, Скрыпаль назвала «вялікім посьпехам». Яна таксама падкрэсьліла, што ня хоча зьвяртацца па дапамогу да расейскай амбасады.
Былы палкоўнік ГРУ Расеі Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі знойдзеныя без прытомнасьці ў Солсбэры 4 сакавіка. Абое некаторы час знаходзіліся ў стане комы, пазьней яны пайшлі на папраўку і былі выпісаныя з бальніцы. Месцазнаходжаньне Сяргея і Юліі Скрыпалёў цяпер невядомае.
Брытанскія ўлады заяўляюць, што Скрыпалі былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», распрацаваным савецкімі навукоўцамі. Паводле зьвестак брытанскіх спэцслужбаў, яд быў выраблены на тэрыторыі Расеі. Масква гэтую інфармацыю адпрэчвае.
Замах на Скрыпалёў прывёў да крызісу ў адносінах паміж краінамі Захаду і Расеяй. Каля 30 краін абвясьцілі аб высылцы расейскіх дыпляматаў на знак салідарнасьці з Вялікабрытаніяй. Расея ў адказ пачала высылаць супрацоўнікаў заходніх дыпляматычных місій.