Сёньня Аляксандар Лукашэнка выступіў на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню незалежнасьці.
Прапануем вам асноўныя тэзы зь яго прамовы, агучанай кіраўніком дзяржавы па-расейску.
Пра незалежнасьць
— За сваю незалежнасьць мы ўжо пераплацілі. Таму будзем рабіць усё магчымае, каб захаваць мір не толькі на сваёй зямлі, але і перасьцерагчы жыхароў плянэты ад паўтарэньня страшных урокаў гісторыі.
— Беларусы былі адзіныя ў сваім выбары і разам больш за два дзясяткі гадоў таму вызначылі 3 ліпеня — дату вызваленьня горада-героя Менска — галоўным дзяржаўным сьвятам.
Пра мінулае
— У жыцьці розных пакаленьняў ёсьць яскравыя і натхняльныя прыклады. Ёсьць і такія, якія цяжка зразумець і вельмі складана растлумачыць. Але, пэўна, нельга забыць. Гэта — нашае мінулае, да ўрокаў якога трэба вяртацца, каб не страціць будучыню.
— Зьвяртаючыся да былых стагодзьдзяў, мы прыгадваем, якім доўгім і цяжкім быў шлях да атрыманьня нацыянальнай дзяржаўнасьці, як няпроста беларусам было зьберагчы сваю этнічную самабытнасьць. Але нашыя продкі змаглі, і гэта стала першым крокам да незалежнасьці.
Пра спадчыну
— Тут, на нашай зямлі, зьявілася першае перадавое сярэднявечнае права, якое лягло ў аснову канстытуцый многіх дзяржаў, тут былі напісаныя і надрукаваныя першыя падручнікі і грунтоўныя навуковыя працы.
— Нямала вядомых палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў, вайсководаў і навукоўцаў. — нашы суайчыньнікі, дзясяткі нацыянальных герояў розных краін — выхадцы з Беларусі.
Пра вытокі беларускай дзяржаўнасьці
— Амаль стагодзьдзе назад з нараджэньнем БССР Беларусь упершыню здабыла законны палітычны і юрыдычны статус. У краіны тады зьявілася дзяржаўная сымболіка, былі адкрытыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, гучней загучаў родная мова. На мапах сьвету былі пазначаныя першыя тэрытарыяльныя межы беларускай рэспублікі, якія ледзь не сьцерлі з твару зямлі гітлераўскія акупанты
— У гады Вялікай Айчыннай вайны не толькі самастойнасьць або сувэрэнітэт дзяржавы, але і само права беларускага народу на існаваньне было пастаўлена пад пагрозу. Давайце без ілюзій глядзець на падзеі тых гадоў. Славяне былі асуджаныя на зьнішчэньне, як і іншыя народы Савецкага Саюзу.
Пра інтэрнацыяналізм
— Беларусь уздымалі з руін і попелу людзі, якія прыехалі да нас жыць і працаваць, людзі з самых розных куткоў Савецкага Саюза. Многія зь іх стварылі тут сем’і, пабудавалі дамы, набылi другую Радзіму, урасьлі у гэтую зямлю каранямі. Усё гэта зьвязала сапраўды крэўнай повязьзю наш народ з народамі СССР. Менавіта таму словазлучэньне «братэрскія народы» для беларусаў — не пусты гук і ня фігура прамовы. Гэта славянскае адзінства ніколі і нікому не ўдасца разарваць і перамагчы.
— Беларусь сёньня — гэта ўсё тыя, хто ствараў сучасную гісторыю краіны, нарадзіўся і вырас у маладой дзяржаве, усё, хто за гады незалежнасьці зацьвердзіўся ва ўспрыманьні сябе як народу, які самастойна вызначае свой шлях разьвіцьця. Народу, які заўсёды жыў у міжнацыянальнай і міжканфэсійнай згодзе. Не проста захаваў самабытнасьць, гісторыю і культуру продкаў, але і сфармаваўся як этнас. Куды б ні цягнуліся нашы родавыя карані, якую б веру ні вызнавалі, мы — дзеці беларускай зямлі. Мы можам па-рознаму ацэньваць вопыт мінулага, але вызначана глядзіць у адным кірунку, разам ствараючы сваю будучыню.
— І пакуль мы разам, мы зьяўляемся праўдзівымі гаспадарамі сваёй зямлі. Менавіта «гаспадарамі», а не «спадарамі».
Пра міралюбнасьць
— Беларусь не разьвязала ніводнага ўзброенага інцыдэнту, ня справакавала ніводнага міжнароднага супрацьстаяньня. І ў гэтым нашая палітыка застанецца нязьменнай.
Пра інфармацыйную бясьпеку і інтэрнэт
— Нам трэба будзе яшчэ шмат зрабіць у сфэры абароны свайго інфармацыйнага поля. Гэта адна з найважнейшых умоваў унутранай стабільнасьці, а значыць, і незалежнасьці.
— «Сьвет бязь межаў», але часам і безь маральных прынцыпаў шмат у чым фармуюць сёньня папулярныя крыніцы навінаў — інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, мессанджары і іншае Людзі, якія заблукалі ў сусьветным павуціньні, якія дазволілі маніпуляваць сваёй сьвядомасьцю, перастаюць быць свабоднымі.
Пра гібрыдную вайну
— На прыкладах асобных краін можна ўбачыць, як дэмантаж дзяржаў пачынаецца з хаосу ў галовах грамадзян, зь ігнараваньня закону, з адмовы ад агульначалавечых норм жыцьця. Сфабрыкаваныя навіны, ілжывыя арыенціры сталі галоўнай і дзейснай зброяй сучаснасьці. Зь яе дапамогай зьнешнія гульцы ваююць чужымі розумамі і «узрываюць» грамадзтва знутры.