Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Яглянд падаў афіцыйнае хадайніцтва да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна памілаваць ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які адбывае пакараньне ў расейскай турме і галадае ўжо 44-ы дзень.
Генэральны сакратар Рады Эўропы мае права гэта зрабіць згодна з Эўрапейскай канвэнцыяй па правах чалавека.
«Дакумэнт быў адпраўлены, чакаем афіцыйнага пацьверджаньня дыпляматычнымі каналамі Расеі», — пацьвердзілі «Голасу Амэрыкі» ў прэс-службе Рады Эўропы.
Алег Сянцоў адмовіўся прасіць прэзыдэнта Расеі аб памілаваньні
20 чэрвеня Турб’ёрн Яглянд наведаў Маскву, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым і расейскім амбудсмэнам Тацянай Маскальковай. На сустрэчы з Пуціным, як пацьвердзілі ў Радзе Эўропы, ён не казаў пра Сянцова, аднак узьняў пытаньне пра яго падчас сустрэч зь Сяргеем Лаўровым і Тацянай Маскальковай.
Прысуджаны да 20 гадоў пазбаўленьня волі, зьняволены ў Расеі ўкраінскі кінарэжысэр Алег Сянцоў больш за месяц трымае галадоўку. Яго патрабаваньне — вызваленьне з расейскіх калёніяў і сьледчых ізалятараў 64 грамадзян Украіны. Раней ён адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.
Лекары: крызісная сытуацыя са здароўем Сянцова можа наступіць у найбліжэйшым часе
Сянцоў быў асуджаны на 20 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэрактаў, сам ён называе справу сфабрыкаванай. Вызваліць Сянцова заклікалі вядомыя грамадзкія дзеячы і кінарэжысэры.
Расейскія прадстаўнікі заяўляюць, што абмяркоўваюць з Украінай пытаньне аб абмене зьняволенымі, аднак ніякіх дамоўленасьцяў пакуль не дасягнута. Ўкраінскі амбудсмэн Людміла Дзянісава зь 15 чэрвеня знаходзіцца ў Расеі, але ёй адмаўляюць у сустрэчах з украінскімі палітвязьнямі.
Вызваліць Алега Сянцова і іншых палітвязьняў Крэмль раней заклікалі амбасадары краінаў «Вялікай сямёркі» і дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.