Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ісьці да канца. Чым пагражаюць галадоўкі здароўю, палітыцы і гісторыі


У дзень пачатку Чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі Эўрапарлямэнт заявіў аб маштабных парушэньнях правоў чалавека Крамлём і прыняў рэзалюцыю па асуджаным украінскім рэжысэры Алегу Сянцове — эўрадэпутаты заклікалі Маскву неадкладна вызваліць рэжысэра і звыш 70 іншых асуджаных украінцаў і затрыманых у Крыме.

Месяц таму Сянцоў, які адбывае 20-гадовы тэрмін у Расеі па абвінавачваньнях у тэрарызьме, абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітычных зьняволеных, асуджаных Масквой.

Свабода распавядае, чым галадоўка пагражае здароўю, ці можна такім спосабам дамагчыся выкананьня сваіх патрабаваньняў, і каму гэта ўдавалася.

Грамадзянскія актывісты і палітвязьні часта выкарыстоўваюць галадоўку ў якасьці крайняй меры пры барацьбе за свае ідэі і свабоду. Посьпех падобных акцый залежыць ад мноства фактараў, у тым ліку — стаўленьня ўладаў.

Галадоўка — адзін з папулярных, але ў той жа час рамантызаваных спосабаў негвалтоўнага супраціву, распавядае прафэсар гісторыі Дункан Маклін.

«Я б не сказаў, што гэты падыход гарантуе вынікі. Усё залежыць ад увагі, якое яна прыцягне, узроўню падтрымкі і ад таго, як урад, адказны за чалавека, які аб’явіў галадоўку, гатовы на гэта рэагаваць. Часам яна ставіць уладу ў няёмкае становішча і так ці інакш выклікае рэакцыю», — кажа прафэсар Маклін.

Галадаць да сьмерці

Часта людзі, якія памерлі падчас галадовак, успрымаюцца грамадзтвам як пакутнікі і толькі наклікаюць гнеў міжнародных праваабарончых арганізацыяў. Часам галадаючым удаецца дамагчыся выкананьня патрабаваньняў, але коштам свайго жыцьця. Такой была акцыя пратэсту савецкага дысыдэнта і праваабаронцы Анатоля Марчанкі, які патрабаваў вызваліць усіх палітвязьняў у СССР. У 1986 годзе ён памёр на 117-ы дзень галадоўкі. Праз месяц пасьля яго сьмерці генэральны сакратар Міхаіл Гарбачоў усё ж такі распарадзіўся выпусьціць палітвязьняў.

Бобі Сэндс (справа)
Бобі Сэндс (справа)

У 1981 годзе пасьля працяглай галадоўкі ў брытанскай турме памерлі дэпутат парлямэнта Бобі Сэндс і дзевяць ягоных паплечнікаў па Ірляндзкай рэспубліканскай арміі (ІРА). Улады Вялікабрытаніі назвалі арганізацыю, якая выступала за выхад Паўночнай Ірляндыі са складу каралеўства, тэрарыстычнай. Сьмерць галадоўнікаў прыцягнула да канфлікту брытанскіх уладаў з сэпаратыстамі яшчэ большую ўвагу.

Неўзабаве пасьля сьмерці чальцоў ІРА улады Ірана перайменавалі вуліцу Ўінстана Чэрчыля ў Тэгеране, дзе знаходзіўся галоўны ўваход у брытанскую амбасаду, у вуліцу Бобі Сэндса. Амбасадзе прыйшлося закласьці ўваход і прасекчы новы з другой вуліцы. А сама асоба Сэндса стала, у пэўнай меры, культавай.

Незваротныя наступствы

У большасьці выпадкаў зьняволеныя перарываюць галадоўкі па стане здароўя, так і не дабіўшыся мэты, — такі від пратэсту наносіць калясальную шкоду здароўю. Крымскі анархіст Аляксандар Кольчанка, які далучыўся да галадоўкі Сянцова, перапыніў сваю галадоўку праз тыдзень менавіта па мэдыцынскіх паказаньнях — яго вага рэзка зьнізілася, цукар у крыві ўпаў, і ён пачаў страчваць прытомнасьць.

«На працягу трох ці чатырох дзён арганізм расходуе глюкозу, якая патрэбна для вытворчасьці энэргіі. Пасьля гэтага печань перапрацоўвае любы тлушч, які можа знайсьці, — тлумачыць прафэсар Маклін. — Праз тры тыдні цела пераходзіць у так званы рэжым галаданьня. Гэта толькі пры адмове ад цьвёрдай ежы, не вады. Так можа працягвацца на працягу двух месяцаў, але, як правіла, людзі паміраюць раней».

У 2011 годзе беларускі блогер Зьміцер Галко пачаў бестэрміновую галадоўку, пратэстуючы супраць палітычных рэпрэсіяў у краіне. Пратрымаўся ён роўна 20 дзён — да таго часу, пакуль лекары не выявілі ў яго «незваротныя наступствы для арганізма». Некалькі іншых журналістаў перанялі эстафэту, але выніку не дамагліся. Пазьней Галко распавёў, што не атрымаў нават «ніякіх станоўчых сыгналаў ад улады».

Накормяць гвалтоўна

«Кампраміс не абавязкова будзе дасягнуты — магчыма [галадоўка] прывядзе да прымусовага кармленьня, каб пацыент ці зьняволены заставаўся ў жывых», — распавядае гісторык Маклін.

Падчас прымусовага кармленьня праз нос або рот чалавеку ўстаўляюць у стрававод спэцыяльныя гумовыя трубкі, па якіх паступае ежа. Часам выкарыстоўваюць пашыральнікі для рота.

Звычайна прымусовае кармленьне ўжываюць у мэдыцынскіх мэтах, калі чалавек ня можа самастойна прымаць ежу праз праблемы з фізычным або псыхічным здароўем. Пытаньне такой практыкі пераходзіць у этычную плоскасьць, калі прымусова карміць пачынаюць людзей, якія добраахвотна адмаўляюцца ад ежы на знак пратэсту ці дзеля дасягненьня палітычных мэтаў. Для лекара ўдзел у такім кармленьні ў міжнароднай мэдыцынскай супольнасьці лічыцца неэтычным.

Прымусовае кармленьне суфражысткі Сыльвіі Панкхэрст
Прымусовае кармленьне суфражысткі Сыльвіі Панкхэрст

«Патэнцыйна гэта небясьпечна з прычыны магчымых інфэкцый або траўмаў, якія можна нанесьці пацыенту або вязьню, бо ён, хутчэй за ўсё, будзе супраціўляцца», — кажа прафэсар Маклін.

У пачатку ХХ стагодзьдзя суфражысткі, якіх прымусова кармілі ўлады, называлі гэта «формай згвалтаваньня». Ва Ўпраўленьні камісара па правах чалавека ў ААН падобную практыку прыраўноўваюць з катаваньнямі і парушэньнем міжнароднага права. У 1975 годзе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя прыняла Такійскую дэклярацыю, згодна зь якой прымусовае кармленьне зьняволеных забароненае.

Прымусова кармілі і нобэлеўскага ляўрэата, стваральніка вадароднай бомбы акадэміка Андрэя Сахарава ў траўні 1984-га падчас яго другой працяглай галадоўкі — за права на выезд з СССР на лячэньне яго жонкі Алены Бонэр. У гэты час краіны Захаду вялі актыўную кампанію ў падтрымку Сахарава і іншых савецкіх дысыдэнтаў.

Часам не дарэмна

У 2010 годзе кубінскі дысыдэнт Гільерма Фарыньяс пратрымаўся бязь ежы 134 дні. Ён заклікаў да вызваленьня ўсіх 52 палітычных зьняволеных на Кубе. Калі Фарыньяс апынуўся на мяжы гібелі, улады ўсё-ткі саступілі і выпусьцілі апазыцыянэраў.

Рэзананснай у 2012 годзе для Ўкраіны стала галадоўка Юліі Цімашэнка, якая патрабавала пакараць вінаватых у яе зьбіцьці ў харкаўскай турме. Тады да былой прэм’ер-міністаркі далучыліся 30 чалавек — яны выставілі намёты на галоўных плошчах Кіева, Львова, Днепрапятроўска і Данецка.

З прычыны галадоўкі ўрад Віктара Януковіча рэзка раскрытыкавалі заходнія лідэры, 15 кіраўнікоў эўрапейскіх дзяржаў байкатавалі ялцінскі саміт краін Цэнтральнай Эўропы, а асобныя дзяржавы байкатавалі «Эўра-2012» ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG