Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Турэччыны абвясьціў Эрдагана пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах


Рэджэп Эрдаган
Рэджэп Эрдаган

Кіраўнік выбарчай камісіі Турэччыны Садзі Гувэн абвясьціў дзейнага прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана пераможцам на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, паведамляе «Настоящее время».

Пасьля падліку 97,7 адсотка бюлетэняў Эрдаган набірае больш за 52 адсоткі галасоў. Афіцыйныя вынікі выбараў будуць абвешчаныя 29 чэрвеня.

Сам Эрдаган ужо заявіў пра сваю перамогу, выступаючы ўвечары 24 чэрвеня. А падчас выступу перад сваімі прыхільнікамі 25 чэрвеня, ён сказаў, што «пераможца гэтых выбараў — дэмакратыя, пераможца гэтых выбараў — нацыянальная воля» і што Турэччына «будзе глядзець у будучыню са значна большым даверам, чым сёньня раніцай».

Другі вынік на выбарах атрымаў Мухарэм Інджэ, набраўшы больш за 30 адсоткаў галасоў. «Выбары былі несправядлівымі, але я прызнаю перамогу Эрдагана», — сказаў ён.

Незалежныя назіральнікі, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і актывісты асьцерагаюцца, што на выбарах маглі быць масіраваныя ўкіды за кандыдатуру Эрдагана.

У дзень выбараў турэцкая паліцыя затрымала шэсьць чалавек праз абвінавачаньні ў «абразе Эрдагана ў сацсетках», а таксама некалькі чалавек, якія спрабавалі ўкінуць бюлетэні.

Напярэдадні на мітынг прыхільнікаў Інджэ выйшлі некалькі мільёнаў чалавек — па фатаздымках зь мітынгу апазыцыянэра відаць, што яго выйшла падтрымаць значна большая колькасьць людзей, чым на мітынгі за Эрдагана. Афіцыйнай інфармацыі аб колькасьці ўдзельнікаў мітынгу няма. Раней масавыя мітынгі з удзелам сотняў тысяч людзей прайшлі ў Анкары і Ізьміры.

Лукашэнка павіншаваў Эрдагана зь перамогай на выбарах, не чакаючы афіцыйных вынікаў галасаваньня

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка павіншаваў «ад імя беларускага народу і сябе асабіста» Рэджэпа Таіпа Эрдагана зь перавыбраньнем на пасаду прэзыдэнта Турэччыны, не чакаючы падвядзеньня афіцыйных вынікаў галасаваньня.

«Вынікі выбарчай кампаніі прадэманстравалі высокую ацэнку суайчыньнікамі вашай плённай працы, нацэленай на далейшае ўмацаваньне краіны і забесьпячэньне яе ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Упэўнены, што пад вашым кіраўніцтвам Турэччына працягне свой паступальны рух па шляху прагрэсу і росквіту», — прыводзіць словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Партыя, лідэрам якой зьяўляецца Эрдаган, лідзіруе на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах

24 чэрвеня ў Турэччыне разам з датэрміновымі прэзыдэнцкімі прайшлі датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Партыя справядлівасьці і разьвіцьця, лідэрам якой зьяўляецца Эрдаган, лідзіруе на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах — па выніках падліку 97% бюлетэняў яна атрымала 42,43% галасоў. Рэспубліканская народная партыя Турэччыны набірае 22,75% галасоў.

Нечаканым паваротам у галасаваньні стала тое, што паводле ўсіх неафіцыйных крыніцаў, курдзкая Дэмакратычная партыя народаў перайшла парог у 10 адсоткаў, неабходны для трапленьня ў парлямэнт. Так, пасьля таго, як стала вядома, што партыя набірае каля 11,5% галасоў, на вуліцах пераважна курдзкай правінцыі Дзіярбакыр пачаліся масавыя сьвяткаваньні, паведамляе турэцкая служба ВВС.​

Рэджэп Эрдаган знаходзіцца ва ўладзе больш за 15 гадоў — спачатку на пасадзе прэм’ера, а з 2014 году на пасадзе прэзыдэнта.

Гэта першыя выбары пасьля ўнясеньня правак у канстытуцыю краіны ў 2017 годзе, якія ператварылі Турэччыну з парлямэнцкай у прэзыдэнцкую рэспубліку, даючы прэзыдэнту пашыраныя паўнамоцтвы. Зьмены, якія дазволяць Эрдагану заставацца ва ўладзе да 2029 году, падтрымалі 51% удзельнікаў галасаваньня. Яны набудуць моц пасьля выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG