Пэнсійная рэформа ў Беларусі пакуль што зьвялася да таго, што з кішэні кожнага патэнцыйнага пэнсіянэра дзяржава выцягне каля 6000 даляраў (гэта сярэдняя пэнсія ў Беларусі па стане на сакавік бягучага году — за тры гады, на якія ўлады паднялі пэнсійны ўзрост). Гэтага, зрэшты, аўтарам «рэформы» здалося недастаткова: з 2022 году пэнсійны ўзрост жанчын і мужчын у Беларусі плянуецца зраўняць. Такім чынам, у кожнай будучай пэнсіянэркі забяруць яшчэ прыблізна па 10 000 даляраў (пэнсію за пяць гадоў).
Улады спасылаюцца на дэмаграфічную сытуацыю і на досьвед разьвітых краінаў. Але пры гэтым сьціпла ўстрымліваюцца ад параўнаньня памеру пэнсій і працягласьці жыцьця з гэтымі разьвітымі краінамі. Мэта ж насамрэч адна: скараціць колькасьць пэнсіянэраў і, адпаведна, грошай, якія накіроўваюцца на пэнсіі. Усе разьлікі накіраваныя на тое, каб па меры таго, як колькасьць пажылых людзей (60+) у краіне аб’ектыўна будзе ўзрастаць, колькасьць пэнсіянэраў пачала зьніжацца.
За кошт чаго будуць жыць пазбаўленыя пэнсій 60-гадовыя людзі, якія на гэтыя пэнсіі моцна разьлічвалі? Спадарыні Шчоткіна, Касьцевіч, Качанава ды іншыя аўтары «рэформы» мяркуюць, што ў такім узросьце і з такім традыцыйным ладам жыцьця яны застануцца працаваць на будаўнічых рыштаваньнях, ля сьлясарных станкоў і за швейнымі машынамі? І такім чынам, замест таго, каб чэрпаць з пэнсійнага фонду, будуць працягваць папаўняць яго?
А мне куды больш рэальнай бачыцца зьяўленьне арміі даведзеных да галечы старых без усялякіх сродкаў для існаваньня, без магчымасьці аплочваць нават «камуналку», ня кажучы ўжо пра паўнавартаснае харчаваньне. Дзе яны знойдуць працу? Каму патрэбен работнік 60+, калі сёньня працадаўцы крывяцца нават ад прапаноў тых, каму крыху за сорак: маўляў, застарыя? Рабіць фізычна цяжкую працу яны ўжо ня здольныя, а за месцы вахцёраў ды гардэробшчыкаў у сёньняшняй Беларусі вялізная канкурэнцыя, ледзь да боек не даходзіць.
Папраўдзе пэнсійныя пэрспэктывы датычацца ня сёньняшніх пэнсіянэраў, а пераважна заўтрашніх. Сёньня гэта 40-50-гадовыя людзі працаздольнага ўзросту. Многія зь іх пачыналі сваю працоўную біяграфію ў мітусьлівыя і бязладныя 90-я, ня маючы працоўных кніжак, ня ведаючы і не цікавячыся, ці пералічвае працадаўца неабходныя ўнёскі ў пэнсійны фонд. Размаўляю зь некаторымі сваімі аднагодкамі і дзіву даюся: усур’ёз разьлічваюць, што атрымаюць працоўную пэнсію толькі на той падставе, што лічацца на працы ў нейкай фірмачцы: маўляў, працоўная кніжка там ляжыць — значыць, стаж налічваецца. Хоць, паводле новага заканадаўства, якое дзейнічае ўжо больш за 10 гадоў, ніякія запісы ў працоўнай кніжцы ня маюць значэньня, калі няма пэрсанальных пералічэньняў грошай у ФСЗН. Такая наша юрыдычная адукаванасьць...
Беларускія ўрокі для Расеі
Уражваюць паралелі: Расея ў пэнсійных справах фактычна ідзе сьлед у сьлед беларускім шляхам, сынхронна. Праўда, там анансавалі падвышэньне пэнсійнага ўзросту адразу да 65 гадоў для мужчын і 63 для жанчын. Але гэта, хутчэй за ўсё, тактычны ход.
Адметна, што і Пуцін, і Лукашэнка яшчэ зусім нядаўна запэўнівалі, што падвышэньня пэнсійнага ўзросту ні ў якім разе не дапусьцяць: народ гэтага ня хоча. Але Лукашэнка пасьля 2015 году рэзка перадумаў. А цяпер гэта ж зрабіў і Пуцін. Апошні, праўда, робіць выгляд, нібыта ня мае ніякага дачыненьня да «рэформы»: усё распрацоўваў урад. Крэмль пакуль што захоўвае маўчаньне і сочыць за рэакцыяй грамадзтва. А рэакцыя для яго ня надта прыемная: нягледзячы на каляфутбольны чад, што пануе ў грамадзтве падчас мундыялю, ужо каля 2 мільёнаў расейцаў падпісалі пэтыцыю з патрабаваньнем адмяніць падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Прафсаюзы і апазыцыя рыхтуюць усенародныя пратэсты. Больш за 90 працэнтаў расейскіх грамадзянаў не падтрымліваюць пэнсійнай ініцыятывы ўраду.
Усьлед за гэтым, відавочна, у сытуацыю ўмяшаецца Пуцін і падкарэктуе заўзятых рэфарматараў; пэнсійны ўзрост, магчыма, крыху зьнізяць (напрыклад, да 63 гадоў, як у Беларусі), тэрміны могуць трохі расьцягнуць. А ўдзячны народ, як плянуецца, павінен уздыхнуць з палёгкай і моўчкі пагадзіцца з тым, што працаваць давядзецца да сьмерці і бяз пэнсіі.
Зрэшты, рэакцыя расейцаў можа быць і іншай: гэта якраз той выпадак, калі рашэньне ўлады зачапіла інтарэсы мільёны ня самых заможных людзей. Калі пачнуцца масавыя пратэсты ў Расеі, і асабліва калі яны будуць плённымі, магчыма, нейкае грамадзкае браджэньне пачнецца і ў Беларусі.
Уцёкі ад беларускай рэчаіснасьці
Але пакуль што абурэньне беларусаў не выходзіць далей за сьцены кватэраў і праяўляецца ў іншых, нявулічных формах. Беларусы (асабліва маладога веку) масава шукаюць лепшай долі за мяжой. З кім зь сяброў ці знаёмых ні размаўляеш, амаль у кожнай сям’і нехта ці ўжо зьехаў, ці зьбіраецца зьехаць. Адны гадамі працуюць на расейскіх будоўлях. Другія наймаюцца ў польскія ды літоўскія транспартныя кампаніі — кіроўцамі TIR-аў. У заходніх абласьцях людзі масава шукаюць польскія карані, каб атрымаць карту паляка і паскораным шляхам здабыць польскае грамадзянства. Іншыя занятыя пошукамі каранёў габрэйскіх (рэпатрыянт, які прыбывае ў Ізраіль, калі ён дасягнуў пэнсійнага веку, аўтаматычна атрымлівае пэнсію памерам каля 800 даляраў, нават калі ён ні дня не працаваў на ізраільскую дзяржаву. Рэчаіснасьць, у якую беларусу цяжка паверыць).
Гэтыя ўцёкі ўжо цяпер набылі масавы характар і дзіўным чынам не знаходзяць адлюстраваньня ў афіцыйнай статыстыцы. Тлумачэньне тут знайсьці няцяжка. Многія, нават на доўгі час ад’яжджаючы на заробкі за мяжу, захоўваюць беларускія пашпарты і рэгістрацыю, у многім якраз у разьліку на будучую пэнсію і вяртаньне. У беларускай статыстыцы гэта знаходзіць толькі ўскосны адбітак. Афіцыйнае беспрацоўе ў краіне нібыта мізэрнае — каля 1 адсотка, ледзь не найлепшы паказьнік у Эўропе. А фактычна ўрад ня ведае, дзе сноўдаюцца каля 400 000 грамадзян працаздольнага ўзросту, чаму яны ня плацяць падаткаў і ўнёскаў у ФСЗН.
Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у Беларусі нібыта і заробкі растуць, і эканоміка на пад’ёме. Пры гэтым пералічэньні ў пэнсійны фонд стабільна падаюць. Як жа так? А вось так: гэтыя людзі плацяць падаткі там, дзе працуюць — у іншых краінах.
Менавіта іх найперш павінен зачапіць дэкрэт аб дармаедах. Мяркуецца, што, напалохаўшыся ад пэрспэктывы страціць беларускі «сацпакет», яны масава вернуцца на радзіму і ўладкуюцца на працу з заробкам 300 рублёў за месяц.
Ня вернуцца. Ад «сацыяльнай дзяржавы» ў Беларусі засталіся нейкія аскепкі. Вышэйшая адукацыя — фактычна платная, добрая мэдыцынская дапамога — толькі за грошы. Дапамога беспрацоўным ніякая. Цяпер вось узяліся за пэнсіі...
Вядома, гэта доўга і складана: ствараць новыя рэнтабэльныя вытворчасьці, прыцягваць замежныя інвэстыцыі і тэхналёгіі, перабудоўваць ужо амаль дарэшты разваленую і заняпалую савецкую індустрыю...
Куды прасьцей залезьці ў кішэні да ўласных грамадзян і вытрасьці зь іх апошняе.
Так, сёньняшняя Беларусь — бедная краіна, на якой вісяць вялізныя вонкавыя пазыкі і якая пры гэтым яшчэ ўмудраецца брацца за буйныя іміджавыя праекты (лядовыя палацы, сусьветныя хакейныя чэмпіянаты, цяпер вось Эўрапейскія гульні з будаўніцтвам новых стадыёнаў). Але зьяжджаюць беларусы не таму, што яна бедная, а таму, што ніякіх уцямных пэрспэктываў, калі ж гэтая галеча скончыцца, не відаць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.