Прэзыдэнт Дональд Трамп сказаў, Паўночная Карэя вярнула ў сераду парэшткі 200 вайскоўцаў ЗША, зьніклых бязь вестак падчас карэйскай вайны, хоць не было ніякага афіцыйнага пацьверджаньня аб перадачы ад вайсковага камандаваньня, паведамляе Reuters.
«Мы вярнулі нашых вялікіх загінулых герояў, парэшткі адпраўленыя сёньня, мы атрымалі ўжо 200», — сказаў Трамп натоўпу прыхільнікаў падчас мітынгу ў Дулуце, штат Мінэсота.
Службовыя асобы ЗША, які гаварылі на ўмовах ананімнасьці, паведамілі 19 чэрвеня, што ў наступныя дні Паўночная Карэя здасьць «значную колькасьць» парэшткаў камандаваньню Аб’яднаных Нацый у Паўднёвай Карэі, і потым яны будуць перададзеныя на базу вайскова-паветраных сіл Хікам на Гаваях.
12 чэрвеня Дональд Трамп сустрэўся зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам на гістарычным саміце ў Сынгапуры. На прэс-канфэрэнцыі пасьля саміту Трамп сказаў, што Кім пагадзіўся вярнуць парэшткі салдат ЗША.
Каля 7700 вайскоўцаў ЗША дасюль лічацца зьніклымі бязь вестак падчас карэйскай вайны. Паводле зьвестак Пэнтагону, паўночнакарэйскія чыноўнікі паказалі ў мінулым, што ў іх ёсьць парэшткі 200 вайскоўцаў ЗША. Больш за 36500 салдатаў ЗША загінулі ў выніку канфлікту.
Карэйская вайна — канфлікт паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй, які доўжыўся з 25 чэрвеня 1950 па 27 ліпеня 1953 году (хоць афіцыйнага заканчэньня вайны абвешчана не было). Часта гэты канфлікт часоў халоднай вайны разглядаецца як апасродкаваная вайна паміж ЗША зь іх саюзьнікамі і сіламі КНР і СССР. У склад паўночнай кааліцыі ўваходзілі: Паўночная Карэя і яе ўзброеныя сілы; кітайская армія (паколькі афіцыйна лічылася, што КНР у канфлікце не ўдзельнічала, рэгулярныя кітайскія войскі фармальна лічыліся злучэньнямі так званых «кітайскіх народных добраахвотнікаў»); СССР, які таксама афіцыйна ня ўдзельнічаў у вайне, але шмат у чым ўзяў на сябе яе фінансаваньне, а таксама забесьпячэньне кітайскіх войскаў. З боку Поўдня ў вайне прымалі ўдзел Паўднёвая Карэя, ЗША, Вялікая Брытанія, Аўстралія і шэраг іншых краін у складзе міратворчых сіл ААН.