Роўна праз два месяцы, 8 ліпеня, адбудзецца справаздачна-выбарчы зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На ім абяруць новага старшыню партыі. Цяперашні лідэр — Анатоль Лябедзька, які кіруе АГП з 2000 году, заявіў, што сёлета вылучацца ня будзе.
Пра сваё жаданьне балятавацца 8 ліпеня ўжо заявілі двое: дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і адзін зь цяперашніх намесьнікаў Лябедзькі Васіль Палякоў з Гомля. Палітолягі называюць яшчэ двух магчымых прэтэндэнтаў — Аляксандра Дабравольскага і Мікалая Казлова. Свабода паразмаўляла зь імі абодвума.
Дабравольскі: Намеру вылучацца на старшыню ня маю
Аляксандар Дабравольскі ў палітыцы чалавек вядомы. Ён быў народным дэпутатам СССР, дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня, ачольваў Аб’яднаную дэмакратычную партыю, быў намесьнікам старшыні АГП. Цяпер — сябра Палітрады АГП.
Сёньня ён заявіў, што вылучацца на старшыню АГП намеру ня мае:
«У мяне ўжо былі на гэтую тэму размовы зь некаторымі калегамі. Так, ёсьць частка сяброў партыі, якія прасілі мяне балятавацца. Але я адмовіўся».
Сваё нежаданьне змагацца за лідэрства спадар Дабравольскі тлумачыць найперш тым, што ў яго ёсьць любімая праца. З 2007 году ён дырэктар «Усходнеэўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў».
«Гэта тая праца, за якую я ўзяўся і якую павінен працягваць. Штогод мы маем каля двух дзясяткаў выпускнікоў. А былі гады, калі дыплёмы атрымлівалі і 35 чалавек. Ня тое што ў мяне няма жаданьня вылучацца на партыйнага лідэра. Проста пляны іншыя», — кажа палітык.
Яшчэ адна прычына, якая стрымлівае Аляксандра Дабравольскага, — разуменьне асабістай адказнасьці на пасадзе старшыні АГП:
«Я баюся, што ня ўсе разумеюць такую рэч: калі ты вылучаесься на старшыню партыі, да якой улада ставіцца варожа, то ў цябе будзе больш праблемаў, чым набыткаў», — падсумоўвае ён.
Казлоў: Яшчэ ёсьць час падумаць
Міліцыянт Мікалай Казлоў, цяпер ён падпалкоўнік запасу, прыйшоў у апазыцыю пасьля выбараў 2008 году. Тады ён падчас дзяжурства на выбарчым участку злавіў на гарачым старшыню ўчастковай камісіі і яе намесьніка, якія ўкінулі ў скрыню пачкі бюлетэняў. Пра гэта міліцыянт паведаміў незалежнай прэсе.
У 2012 годзе Казлоў прыйшоў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Праз чатыры гады яго абралі старшынём сталічнай арганізацыі. Цікава, што ён пераняў гэтую пасаду ад Ганны Канапацкай. А на апошнім зьезьдзе ў ліпені 2016 году ён стаў яшчэ і адным з намесьнікаў Лябедзькі, пакінуўшы за сабою кіраўніцтва Менскай гарадзкой філіяй.
Сёньня ён сказаў Свабодзе, што пакуль не гатовы адказаць адназначна на пытаньне — ці зьбіраецца ён балятавацца на старшыню партыі?
«Ёсьць яшчэ два месяцы. А за гэты час можа адбыцца ўсё. Хоць на сёньня я не гатовы для вылучэньня. Я разумею, што тут галоўнае ня ў тым, хто канкрэтна (Палякоў ці Казлоў) узначаліць партыю. Важна, каб партыя захавала пераемнасьць, свае баявыя традыцыі», — тлумачыць сваю пазыцыю Мікалай Казлоў.
Ён кажа, што ўважліва сочыць за сытуацыяй. Многае будзе залежаць ад таго, ці будуць іншыя прэтэндэнты, акрамя Ганны Канапацкай і Васіля Палякова.
І яшчэ адна акалічнасьць турбуе падпалкоўніка Казлова.
«Ня толькі мы ў партыі думаем пра яе будучыню. Пра гэта думаюць і спэцслужбы. Таму так важна тут не памыліцца і зрабіць правільны выбар».