Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктара БелаПАН Ліпая павезьлі на допыт у Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў


Алесь Ліпай (у цэнтры)
Алесь Ліпай (у цэнтры)

У 14:35 заснавальніка і кіраўніка агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая праваахоўнікі вывелі зь ягонай кватэры, дзе ад 7-й раніцы адбываўся ператрус. Па-ранейшаму невядома, у чым абвінавачваюць Ліпая, — толькі што распачатая крымінальная справа.

Сам Алесь Ліпай пасьпеў паведаміць, што яго вязуць у сталічны Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, а таксама, што ён мае адваката. З кватэры Ліпая праваахоўнікі выносілі аргтэхніку.

Дзеяньнямі сілавікоў кіраваў Дзьмітры Новікаў. Каля месца ператрусу знаходзіліся праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Тацяна Равяка, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

* * *

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе ад 1991 году. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Першую кнігу паэзіі «Пад сьнегам» выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Рэшта».

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёну. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насьценгазэты «Лірнік». Напрыканцы 1980-х гадоў — удзельнік Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».

У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.

Алесь Ліпай, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году
Алесь Ліпай, заснавальнік і кіраўнік БелаПАН на «Сьвяце незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году

У 1991 годзе, цягам працы ў газэце «Знамя юности», вёў беларускамоўную старонку «Родны склон». Аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках.

У чэрвені 1996 году, падчас апэрацыі па вызваленьні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Менску, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу.

У 2004 годзе БелаПАН быў уганараваны прэміяй імя Дзьмітрыя Завадзкага — «За мужнасьць і прафэсіяналізм», як «пацьвярджэньне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнаньне высокага прафэсіяналізму журналістаў». У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названая ляўрэатам прэміі імя Герда Буцэрыюса «Маладая прэса Ўсходняй Эўропы». У 2006 годзе БелаПАН і ягоная інтэрнет-газэта Naviny.by атрымалі «Прэмію Рунэта» — у намінацыі «Рунэт за межамі Ru».

На мяжы 2014 і 2015 гадоў невядомыя блякавалі сайты БелаПАН і Naviny.by, а таксама шэрагу іншых недзяржаўных рэсурсаў. За атакі ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьці і не назваў прычынаў, але БелаПАН мяркуе, што прычынай атакі стаў артыкул пра «Малітву за Беларусь».

БелаПАН быў генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ліпай выступаў на сьвяце, сярод іншага заклікаў да салідарнасьці з затрыманымі з палітычных прычын, зачытаў верш Уладзімера Някляева, які той напісаў за кратамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG