Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Румынія хоча паляпшаць стасункі Беларусі і Эўразьвязу


Ілюстрацыйнае фота. Сьцягі Румыніі, Эўразьвязу і Беларусі (зьлева направа)
Ілюстрацыйнае фота. Сьцягі Румыніі, Эўразьвязу і Беларусі (зьлева направа)

Румынія падчас свайго старшынства ў Эўразьвязе будзе працаваць над паляпшэньнем дачыненьняў паміж Менскам і Брусэлем. Пра гэта заявіў 14 чэрвеня дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Румыніі Дэнуц Сэбаст’ян Нэкулэеску на сустрэчы ў Менску з намесьнікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком.

«У 2019 годзе Румынія будзе ачольваць Эўразьвяз. І ўжо сёньня мы заяўляем, што галоўным прыярытэтам нашай палітыкі на гэты час стане праграма „Ўсходняе партнэрства“. Таму мы хочам укладаць цаглінкі ў фундамэнт добрых дачыненьняў паміж Менскам і Брусэлем. Румынія сама нядаўна ў Эўразьвязе, таму нам прасьцей разумець і адзін, і другі бок» — падкрэсьліў румынскі дыплямат.

Беларусь падтрымала Румынію пры выбраньні віцэ-сьпікераў ПА АБСЭ

Калі летась у Менску выбіралі чатырох намесьнікаў старшыні ПА АБСЭ, беларуская дэлегацыя падтрымала кандыдатуру румына Паўля Віктара Дабрэ. А румынскія парлямэнтары раней галасавалі за правядзеньне сэсіі ПА ў Менску. Цяпер спадар Дабрэ выказаў жаданьне наведаць Беларусь.

«І гэты візыт таксама паспрыяе супольнай працы дзьвюх краін на міжнародных пляцоўках», — лічыць Баляслаў Пірштук.

Падчас перамоваў высьветлілася, што ў дзьвюх краін ёсьць яшчэ адна агульная тэма. На ліпеньскую сэсію Парлямэнцкай асамблеі ў Бэрліне Беларусь рыхтуе рэзалюцыю пра лічбавую эканоміку. А лічбавая эканоміка стане другім пасьля «Ўсходняга партнэрства» прыярытэтам Румыніі пры яе старшынстве ў Эўразьвязе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG