Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залаты скарб з Горадні ацанілі амаль на 20 тысяч даляраў


Скарб, знойдзены ў Горадні
Скарб, знойдзены ў Горадні

Скарб з залатых манэт, упрыгожаньняў і зубных каронак, які будаўнік знайшоў у Горадні падчас рэканструкцыі старога дома, ацанілі больш як у 19 400 даляраў. Калі ўлады нададуць скарбу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, то чвэрць сумы атрымае будаўнік.

Ацэнку рабіла камісія з трох чалавек: старшыня горадзенскага нумізматычнага таварыства Віктар Какарэка, галоўны спэцыяліст па стаматалёгіі горадзенскага абласнога шпіталя Міхал Сагайдак і адмысловец па каштоўных камянях.

Залаты скарб важыць больш за 400 грамаў
Залаты скарб важыць больш за 400 грамаў

«Вызначалі калекцыянэры, якія цямяць у нумізматыцы, стала езьдзяць на сустрэчы калекцыянэраў у Менск, Польшчу, Літву, ведаюць рыначныя кошты», — сказаў Віктар Какарэка.

«Цьвёрды як сталь. Чысты як золата». Каму належаў іржавы пярсьцёнак у залатым скарбе з Горадні?

Ён патлумачыў, што скарб ацэньвалі па рэальным калекцыйным або рыначным кошце. Ён вышэйшы за скупачны кошт, калі б зьвярталі ўвагу толькі на вагу мэталу. Экспэрты ўлічвалі, наколькі рэдкая манэта, якія на ёй пашкоджаньні, які наклад манэты, наколькі яна папулярная сярод нумізматаў.

«Там ёсьць вельмі цікавы дукат. Але вага ў яго меншая. Нехта абрэзаў ад яго недзе чвэрць. Нібыта манэта старая, рэдкая, але мы яе ацанілі ўсяго ў 200 даляраў. Нас цікавіла ня толькі вага, але і выгляд, наколькі манэта памятая, пакусаная», — сказаў калекцыянэр.

Цяпер далейшы лёс скарбу залежыць ад уладаў. Калі яму на абласным узроўні, а потым і ў Мінкульце вырашаць надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, то па законе палова яго кошту належыць дзяржаве, чвэрць — уласьніку будынка, а рэшта — чалавеку, які знайшоў скарб. Самі залатыя вырабы, імаверна, застануцца ў Горадзенскім гісторыка-археалягічным музэі, як і ранейшыя каштоўныя знаходкі.

Будаўнік Уладзімер Страковіч, які знайшоў скарб
Будаўнік Уладзімер Страковіч, які знайшоў скарб

Адмыслоўцы кажуць, што іншы варыянт малаверагодны, бо інакш давядзецца ўсё золата аддаць уласьніку будынка як некаштоўнае.

Скарб знайшоў будаўнік Уладзімер Страковіч, працуючы на доме на тэрыторыі былога гета ў Горадні ў красавіку. Пад цэглай у мэталічнай скрыні з-пад польскага тытуню ляжалі 23 залатыя манэты, 11 пярсьцёнкаў, ланцужкі, завушніца, абрэзаны мэдаль, зьліткі золата, зубныя плёмбы. Зьверху ўсё было прыкрыта паперкамі для ўшчыльненьня. Агульная вага скарбу — больш за 400 грамаў. Каму належала золата, дакладна невядома. На думку гісторыкаў, хутчэй за ўсё яго схавалі габрэі падчас вайны.

У адноўленым доме плянуюць адчыніць мэдычны цэнтар.

Досьвед папярэдняга горадзенскага скарбу, знойдзенага на вуліцы Антонава два гады таму, таксама пры рэканструкцыі старога дома, даў добры прыклад. Тады будаўнікі ня ўтоілі знаходку, дзяржава выплаціла ім належную суму, а ўласьнік будынка сваю долю аддаў на дабрачыннасьць.

Куды беларусы золата хавалі і як яго шукалі?

Дом, дзе схавалі золата
Дом, дзе схавалі золата

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG