Я ўжо неаднаразова пісала пра карысьць вэгетарыянства для здароўя. І неаднаразова сутыкалася з пустой крытыкай, непрыманьнем, нават абразамі. У гэтым артыкуле я спрабую зразумець, адкуль узялося непрыманьне, і патлумачыць, на чым грунтуюцца мае прафэсійныя пазыцыі.
Рост папулярнасьці вэгетарыянства
Я ў сваёй практыцы бачу ўсё больш і больш тых, хто з розных прычынаў перайшоў на вэгетарыянства. Выбар на карысьць вэгетарыянскай дыеты абумоўлены рознымі прычынамі, у тым ліку рэлігійнымі і этычнымі меркаваньнямі, узьдзеяньнем на навакольнае асяродзьдзе, а таксама перавагамі для здароўя.
Усяго толькі тры дзесяцігодзьдзі таму меркаваньне большасьці дыетолягаў адносна вэгетарыянскай дыеты было скептычнае. Аднак апошнім часам яны зьмянілі свае пазыцыі і лічаць вэгетарыянства адэкватнай харчовай стратэгіяй.
Прычыны папулярнасьці
Гэта — вынік шматлікіх дасьледаваньняў вэгетарыянскіх дыет на працягу апошніх 30 гадоў. Павелічэньне колькасьці навуковых публікацый па вэгетарыянстве ўнесла значны ўклад у харчовую эпідэміялёгію і паспрыяла лепшаму разуменьню сувязі паміж дыетай і хваробамі.
Навукоўцы сьцьвярджаюць, што вэгетарыянцы маюць істотна паніжаную рызыку пэўных захворваньняў, у тым ліку ішэмічнай хваробы сэрца, цукровага дыябэту 2-га тыпу, гіпэртаніі, некаторых відаў раку і атлусьценьня.
Прычыны нэгатыўнай рэакцыі на вэгетарыянства ў Беларусі
Аднак чамусьці да гэтага часу я сутыкаюся з нэгатыўнай рэакцый беларускіх калегаў, якія вераць у тое, што вэгетарыянскія дыеты шкодзяць здароўю. Да гэтага часу ніхто з гэтых калегаў сваё меркаваньне не аргумэнтаваў. Чаму так адбываецца?
На мой погляд, галоўная прычына крыецца ў недахопе інфармацыі, як бы дзіка гэта не гучала.
- Па-першае, лекары і іншыя спэцыялісты ў галіне здаровага харчаваньня чэрпаюць інфармацыю не з публічнага інтэрнэту, а з навуковых артыкулаў. Доступ да іх абыходзіцца дорага і патрабуе веданьня замежных моў.
- Па-другое, вучэбная праграма спэцыялістаў у галіне здаровага харчаваньня (а такіх праграм у Беларусі ў прынцыпе няма, самыя вялікія спэцыялісты — гэта агульныя лекары) не ідзе ў Беларусі ў нагу з часам і астатнім сьветам.
- Па-трэцяе, лекары таксама людзі і ня могуць быць заўсёды аб’ектыўнымі. Вэгетарыянства дагэтуль успрымаецца ў беларускім грамадзтве як адхіленьне ад нормы (асабліва больш дарослым пакаленьнем), у той час як у большасьці разьвітых краін вегэтарыянскай дыетай нікога ня зьдзівіш.
- Па-чацьвёртае, міністэрства аховы здароўя Беларусі сур’ёзна адстае ад усяго сьвету ў тым, што тычыцца нормаў здаровага харчаваньня. Мне за гэтыя нормы проста сорамна.
Крытыка рэкамэндацыі №1 міністэрства аховы здароўя Беларусі
Паводле яе, колькасьць бялку ў рацыёне павінна адпавядаць фізыялягічнай норме — 1-1,5 г на 1 кг вагі. Жывёльны бялок павінен складаць ня менш за 60% ад сутачнай колькасьці бялку (абавязкова прысутнасьць у рацыёне мяса, рыбы, яек, малака і кісламалочных прадуктаў).
Тут у мяне адразу дзьве вялікіх прэтэнзіі да гэтай маленькай рэкамэндацыі. Па-першае, ва ўсім сьвеце нормай спажываньня бялку лічыцца 0,8 г на 1 кг масы цела. Па-другое, жывёльны бялок зусім не павінен складаць нейкую пэўную колькасьць у сутачным рацыёне.
Без жывёльнага бялку можна ўвогуле выдатна абысьціся. Больш за тое, зь меркаваньняў здароўя, лепш аддаць перавагу спажываньню расьліннага бялку перад жывёльным.
І калі беларускае міністэрства аховы здароўя і беларускія лекары ня хочуць пагаджацца асабіста са мной, то яны ня могуць ігнараваць такую аўтарытэтную інстанцыю, як Сусьветная Арганізацыя Аховы Здароўя (СААЗ).
Міжнародныя рэкамэндацыі
СААЗ, у сваёй рэкамэндацыі нумар 1, сьцьвярджае наступнае:
«Прытрымлівайцеся пажыўнай дыеты, заснаванай на розных прадуктах харчаваньня, якія паходзяць ў асноўным з расьлін, а не жывёл».
Афіцыйныя пазыцыі нацыянальных асацыяцый дыетолягаў таксама адназначна станоўчыя наконт вэгетарыянскіх дыет. Вось, напрыклад, што сьцьвярджае Амэрыканская акадэмія харчаваньня і дыеталёгіі:
«Належным чынам сплянаваныя вэгетарыянскія, у тым ліку вэганскія, дыеты — здаровыя, паўнавартасныя і могуць быць прафіляктыкай і лячэньнем некаторых захворваньняў. Гэтыя дыеты падыходзяць для ўсіх этапаў жыцьцёвага цыклу, уключаючы цяжарнасьць, пэрыяд ляктацыі, дзяцінства, падлеткавы ўзрост, дарослае і пажылое жыцьцё. Гэтыя дыеты падыходзяць таксама і для спартоўцаў.
Дыеты на расьліннай аснове зьяўляюцца больш экалягічна ўстойлівымі, чым дыеты, багатыя прадуктамі жывёльнага паходжаньня, бо яны выкарыстоўваюць менш прыродных рэсурсаў і наносяць значна менш экалягічнай шкоды. Вэгетарыянцы і вэганы маюць істотна паніжаную рызыку пэўных захворваньняў, у тым ліку ішэмічнай хваробы сэрца, цукровага дыябэту 2-га тыпу, гіпэртаніі, некаторых відаў раку і атлусьценьня.
Нізкае спажываньне насычаных тлушчаў і высокае спажываньне гародніны, садавіны, суцэльнага збожжа, бабовых, соевых прадуктаў, арэхаў і семак (усе гэтыя прадукты багатыя на клятчатку і фітахімікаліі) — гэта тыя характарыстыкі вэгетарыянскай і вэганскай дыет, якія адказваюць за больш нізкі ўзровень агульнага халестэрыну і ліпапратэінаў нізкай шчыльнасьці, а таксама за лепшы кантроль ўзроўню глюкозы ў крыві. Гэтыя фактары спрыяюць зьніжэньню хранічных захворваньняў.
Строгім вэганістам патрабуецца вітамін B-12 з добрай крыніцы, напрыклад, абагачаных прадуктаў альбо дадаткаў».
Італьянскае Таварыства харчаваньня чалавека сьцьвярджае прыкладна тое самае:
«Добра сплянаваныя вэгетарыянскія дыеты, якія ўключаюць у сябе шырокі спэктар расьлінных прадуктаў, а таксама надзейную крыніцу вітаміну В12, забясьпечваюць адэкватнае спажываньне пажыўных рэчываў. Мы заклікаем дзяржаўныя органы аховы здароўя і харчаваньня забясьпечыць больш адукацыйных рэсурсаў, каб дапамагчы італьянцам спажываць адэкватныя вэгетарыянскія дыеты».
Маё падсумаваньне
Мне асабіста хочацца дадаць: вось і я таксама спадзяюся, што міністэрства аховы здароўя Беларусі нарэшце пачне надаваць належную ўвагу дыеце беларусаў у цэлым і вэгетарыянскай дыеце ў прыватнасьці.