Калі спытаць беларуса, дзе цэнтар Эўропы, ён без сумневу адкажа — у нас, у Беларусі. З маім сёньняшнім госьцем мы пагаворым пра пэрыфэрыі Эўропы. Пра тую Эўропу, якая здаля ад беларускага цэнтру.
У другой частцы падкаст-цыклю «Пэрыфэрыі Эўропы» гісторык і падарожнік Аляксей Ластоўскі апавядае пра гарады, дзе нарадзілася і віруе сёньня жыцьцё «Старога сьвету».
«Пэрыфэрыі Эўропы» з Ластоўскім. Чаму Беларусь ня стала калыскай Эўропы
— У першай частцы нашай размовы вы сказалі пра эўрапейскія гарады, важныя для Вас: гэта Вільня і Лёндан. Вы ўзгадалі горад Бруге ў Бэльгіі. У чым ягоны фэномэн?
— Цяпер Бруге стаў вельмі папулярным, хаця шмат у чым да гэтай папулярнасьці спрычыніўся посьпех мастацкага фільму «Залегчы на дно ў Бруге». Па горадзе натоўпамі перамяшчаюцца турысты, і фактычна, апрача іх, там амаль нікога няма.
— Магчыма, усе залеглі на дно.
— Гэта дазволіла захаваць горад у сярэднявечным стане. Бо з гораду зьніклі жыцьцё і грошы. Калі горад разьвіваецца, то ён вымушаны расьці, будуюцца новыя дамы, у людзей мяняюцца густы. У Парыжы, напрыклад, знайсьці нешта сярэднявечнае ўжо вельмі складана. Парыж — гэта ўжо горад ХІХ стагодзьдзя. Ён рос, разьвіваўся, і ў ХІХ ст. там пачалі акурат думаць пра захаваньне спадчыны. Ёсьць досьвед гарадоў, дзе жыцьцё зьнікла, якія былі закансэрваваныя, і цяпер мы адчуваем прыгажосьць гэтых гарадоў. Яны ўяўляюць сабой зьлепак той эпохі, калі яны памерлі ў палітычным і эканамічным пляне.
Яшчэ адзін яскравы выпадак — Вэнэцыя. У Сярэднявеччы гэта была адна з найвялікшых марскіх дзяржаваў Міжземнамор’я. Яна арганізоўвала крыжовыя паходы, вяла войны з Асманскай імпэрыяй. Але Напалеон, напрыклад, у свой час лічыў, што ў палітычным пляне гэты горад не ўяўляе сабою нічога істотнага. Цяпер мы бачым, што Вэнэцыя закансэрвавалася ў той эпосе. Але гэтая мэлянхалічная нотка мае сваю чароўнасьць. Гэта чарговы раз паказвае, што палітычныя і эканамічныя цэнтры Эўропы перамяшчаюцца. І гэта таксама мае свае адбіткі ў культуры і спадчыне.
— Які горад Эўропы вы назвалі б найбольш эўрапейскім? У якім зь іх сабрана ўсё тое, што мы любім у Эўропе?
— На гэтую ролю магла б прэтэндаваць Вена. З аднаго боку, мы можам знайсьці ў Вене вельмі шмат пластоў спадчыны, пачынаючы і ад Сярэднявечча, гатычнасьці, напрыклад Штэфансдом — галоўны сабор Вены, усплёск Барока, зьвязаны з пашырэньнем імпэрыі Габсбургаў. У істоце Вена была прататыпам таго, што цяпер сабою ўяўляе Эўрапейскі Зьвяз. Я маю на ўвазе імпэрыю Габсбургаў, якая пашыралася на абсалютна розныя этнічна-культурныя рэгіёны. І, тым ня менш, дазваляла наладжваць супольнае жыцьцё на падставах палітычнай ляяльнасьці. Вядома, былі праблемы і канфлікты. Але, як вядома, і ЭЗ гэтага не пазбаўлены. Да пачатку ХХ стагодзьдзя, калі ўжо ўвайшлі ў поўны росквіт нацыяналізмы ўсходнеэўрапейскіх народаў, то імпэрыя Габсбургаў была досыць пасьпяховым палітычным праектам.
Калі ходзіш вуліцамі Вены, то адчуваеш, колькі чаго розныя народы ўнесьлі ў разьвіцьцё і гісторыю гэтага гораду. Зь іншага боку, Вена была і горадам памежжа. У ХХ стагодзьдзі гэта «шпіёнскі горад». Магчыма, нездарма міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей атрымаў там дыпляматычную адукацыю. Гэта горад шматкультурнай спадчыны, шчыльна завязаны на палітычную гісторыю Эўропы, але рытм, у якім жыве Вена, — спакойны, нават пэнсіянэрскі. Гэты горад паказвае, як разьвівалася эўрапейская гісторыя.
— Але Эўропа — ня толькі мэгаполісы, але і маленькія мясцовасьці. Вядома, сьмерць вёсак — гэта ня толькі праблема Беларусі. Ці ёсьць у Эўропе маленькія мясцовасьці з духам Эўропы, якія вас прывабліваюць? Наколькі яны цікавыя?
— Эўропа — гэта матор індустрыялізацыі і ўрбанізацыі. Усё пачалося з Ангельшчыны XVII–XVIII стагодзьдзяў. Вёска як цэнтар жыцьця страціла значэньне. І гэта датычыць усёй Эўропы. На прыкладзе Беларусі пасьля ІІ Усясьветнай вайны мы таксама бачым, што вёска як цэнтар жыцьця, дзе існуе свой быт, свае каштоўнасьці, проста памірае. Тут магчымыя два варыянты. Або гэта вёскі як прыдаткі гарадоў, бо ўсё роўна людзі езьдзяць на працу ў буйныя гарады. Або гэта закансэрваваныя і ідылічныя вёскі, якія становяцца цэнтрамі турызму. Калі пашукаць горныя вёскі ў Альпах, Пірэнэях, то можна знайсьці вельмі маляўнічыя. Часам яшчэ можна знайсьці мясьціны, дзе з шэрагу прычынаў тыя самыя агульнаэўрапейскія працэсы, індустрыялізацыя, урбанізацыя яшчэ ня цалкам выціснулі жыцьцё.
— І дзе можна пабачыць такія мясьціны?
— Я быў моцна ўражаны, калі ў Партугаліі мы дабраліся да цэнтру нацыянальнага парку, які знаходзіцца ў гарах на поўначы краіны. Там была вёска, дзе хадзілі маляўнічыя кабеты ў чорных сукенках з тварамі, на якіх адлюстроўваецца 100-гадовая гісторыя. Яны ўбачылі, што прыехалі чужыя людзі, і пачалі прыносіць нам плады з сваіх садоў. Гэта сапраўды было ўнікальным досьведам, але мне падаецца, што гэта хутчэй выключэньне. Эўропа цягам стагодзьдзяў масава перабралася ў гарады. І калі нехта хоча ўбачыць традыцыйны патрыярхальны лад жыцьця, закансэрваваны стагодзьдзямі, то трэба гэта шукаць па-за межамі Эўропы, на жаль.
— А ці ёсьць на вашай мапе Эўропы новыя гарады, якія ня маюць спадчыны, старой архітэктуры, але дзе віруе жыцьцё, дзе цікава праводзіць час?
— Эўрапейскія гарады не заўжды маюць цалкам захаваны архітэктурны ляндшафт. У значнай ступені да гэтага спрычынілася ІІ Усясьветная вайна. Вельмі шмат эўрапейскіх гарадоў былі разбураныя падчас вайны, і яны не заўжды аднаўляліся.
Як прыклад гораду, які вырашыў выйсьці па-за межы спадчыны і не аднаўляць усё цалкам, а будаваць нешта новае, я назваў бы галяндзкі Ротэрдам. Ён быў адзіным горадам Галяндыі, які пацярпеў падчас ІІ Усясьветнай вайны. Нацысты выставілі ўльтыматум Галяндыі, і пакуль урад вырашаў, здавацца ці не, то немцы нанесьлі змасаваны авіяўдар па Ротэрдаме. Гэта адзін з найбуйнейшых марскіх партоў у Эўропе і ў сьвеце. Цэнтар гораду быў зьнішчаны. Гэта быў першы досьвед той вайны, калі менавіта горад быў практычна цалкам зьнішчаны. Потым, на жаль, сытуацыя паўтаралася шматкроць.
Ротэрдам выглядае зусім інакш на фоне іншых нідэрляндзкіх гарадоў з букалічнымі каналамі і мастамі. Пасьля вайны ён стаў цэнтрам ультрасучаснай архітэктуры, дзе можна ўбачыць найлепшыя дасягненьні выкарыстаньня новых матэрыялаў, новых канцэпцыяў, вельмі зручным для жыхароў. Для мяне Ротэрдам ёсьць ледзь не адзіным эўрапейскім горадам будучыні. Гэта тое, што можна хутчэй сустрэць у Паўднёва-Ўсходняй Азіі.
Два наступныя гарады — гэта Бэрлін і Гамбург. Яны таксама фактычна былі зьнішчаныя авіяцыяй саюзьнікаў, але здолелі аднавіць сябе як цэнтры гарадзкога жыцьця. І, не зважаючы на тое, што большасьць гарадзкой прасторы была ў руінах, яны сталі прамысловымі і культурнымі цэнтрамі. Там віруе гарадзкое жыцьцё, там можна пабачыць шмат кавярняў трэцяй хвалі (невялікія кавярні, якія маюць свае рэцэпты, уласны падбор інгрэдыентаў) і крафтавыя бары. У Бэрліне можна паглыбіцца ў рэальнае жыцьцё новых часоў.