Апэляцыйны суд Чарнігаўскай вобласьці вызначыў іншы суд для разгляду справы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, які абвінавачваецца ў зьбіраньні сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы.
Толькі праз два тыдні пасьля адпаведнага рашэньня апэляцыйнага суду Новазаводзкі раённы суд Чарнігава сфармаваў калегію судзьдзяў і прызначыў падрыхтоўчае паседжаньне на 5 чэрвеня а 10-й гадзіне.
«Паседжаньне будзе адкрытым, і ўсе, хто жадае, могуць прысутнічаць на ім», — сказалі Свабодзе ў судзе.
Галоўнае пытаньне, якое павінна быць разгледжана на падрыхтоўчым паседжаньні, — адпаведнасьць украінскаму заканадаўству абвінаваўчага акту, выстаўленага Юрыю Палітыку.
Першапачаткова справу беларуса разглядаў Чарнігаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласьці. Паседжаньні пераносіліся некалькі разоў, у выніку калегія судзьдзяў узяла самаадвод.
Паводле 114 артыкула Крымінальнага кодэксу Ўкраіны аб шпіянажы Юрыю Палітыку пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці. Згодна з працэсуальным заканадаўствам Украіны, толькі пасьля таго як суд вынесе вэрдыкт аб законнасьці абвінаваўчага акту, справа можа разглядацца па сутнасьці.
Справа «беларускага шпіёна»
Юрыя Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».
Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Справу супраць беларуса адкрылі на падставе заявы вайскоўца Дзьмітрыя Острыка — цяпер ён у зоне вайсковай апэрацыі на Данбасе. Паводле Палітыкі, ён пазнаёміўся з Острыкам у грамадзкай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагала памежнікам ахоўваць дзяржаўную мяжу Ўкраіны. Беларус хацеў працаваць валянтэрам у гэтай арганізацыі.
Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.