Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын сустрэўся ў Пхэньяне зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым, які знаходзіцца з афіцыйным візытам у КНДР. Пра гэта паведамляецца ў твітэры МЗС Расеі.
Там жа разьмешчаныя здымкі, на якіх Кім Чэн Ын і Сяргей Лаўроў паціскаюць адзін аднаму рукі.
Раней у чацьвер у Пхэньяне адбыліся перамовы міністраў замежных справаў Паўночнай Карэі і Расеі. Пасьля сустрэчы з Лі Ён Хо Лаўроў заявіў, што толькі паэтапнае зьняцьце санкцыяў з КНДР можа прывесьці да вырашэньня ядзернага крызысу на Карэйскім паўвостраве. Лаўроў адзначыў, што Масква ня лічыць, што мае права ўмешвацца ў перамоўны працэс паміж ЗША і Паўночнай Карэяй.
Сустрэча прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам, на якой павінна абмяркоўвацца ядзерная праграма КНДР, была прызначаная на 12 чэрвеня ў Сынгапуры. Аднак 24 траўня Трамп абвясьціў аб яе адмене ў сувязі зь недружалюбнымі заявамі з боку КНДР. На наступны ж дзень Трамп заявіў, што дыялёг з Пхэньянам працягваецца, і даў зразумець, што саміт 12 чэрвеня ўсе яшчэ можа адбыцца.