Даяркі сельскагаспадарчага прадпрыемства «Крыўск» Буда-Кашалёўскага раёну на Гомельшчыне чарговы раз паўсталі супраць кіраўніцтва гаспадаркі. За апошнія тры гады ў гаспадарцы зьмянілася сем кіраўнікоў. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы ўпартасьці работнікаў, якія адстойваюць правы з дапамогай СМІ і судоў. Свабода паспрабавала разабрацца ў гэтым фэномэне.
Калектыў «Крыўску» абараняе звольненую калегу Тацяну Сямёнаву. Кіраўніцтва сьцьвярджае, што прычына звальненьня — скрадзены камбікорм. Жанчына адмаўляе гэта. Яе калегі не ўпершыню канфліктуюць з кіраўніцтвам. Загадчыцы фэрмы, брыгадзіры, даяркі шматкроць вырашалі працоўныя спрэчкі ў судах. І перамагалі.
«У міліцыі, пракуратуры і судзе кажуць, што час ужо ім наняць дом у Крыўску, каб ня езьдзіць сюды-туды», — жартуюць вяскоўкі.
Чым адметная сытуацыя ў Крыўску?
КСУП «Крыўск» — камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Буда-Кашалёўскім раёне. Цэнтар гаспадаркі — вёска Крыўск. Прадпрыемства — адно з буйных у раёне, раней ня раз займала першае месца па надоях і намалотах. Тут працуе 400 чалавек.
Даяркі і мэханізатары з Крыўску не ўпершыню выступаюць супраць кіраўніцтва. І дабіваюцца выкананьня сваіх патрабаваньняў — праз публікацыі ў СМІ, судовыя працэсы. Заадно і зьмяняюць дырэктараў гаспадаркі.
Тры гады таму даяркі ваявалі з кіраўніком камунальнага сельскагаспадарчага УП «Крыўск» Аляксандрам Падалячыным за прыватызацыю калгасных дамоў. Справа пачалася зь нематывавана высокіх коштаў на хаты, скончылася шматлікімі праверкамі органаў, звальненьнем дырэктара, а затым — незадаволеных ім.
Жанчыны праз суд аднавіліся на працы і атрымалі кампэнсацыі за вымушаныя «выходныя». Празь пільную ўвагу да гаспадаркі з боку органаў улады тут зьявілася нарэшце калектыўная дамова, сталі празрыстымі ўмовы працы, даяркі ўбачылі свае «разьліковыя» і расцэнкі. Цяпер яны ведаюць, за што атрымліваюць грошы. За выяўленыя пры праверках парушэньні заканадаўства панесьлі пакараньне службовыя асобы гаспадаркі.
За апошнія тры гады ў гаспадарцы зьмянілася сем кіраўнікоў. Вяскоўцы ня лічаць гэта пазытыўным вынікам, наадварот — шкадуюць, што частая зьмена кіраўнікоў «давяла гаспадарку да ручкі».
Лябарант фэрмы Галіна Сотнікава кажа, што цяперашні дырэктар не вінаваты ў эканамічных праблемах, бо прыйшоў працаваць тады, калі гаспадарка ўжо «стаяла на каленях».
Ці не баяцца вяскоўцы выступаць супраць кіраўніцтва?
Працаўніцы фэрмы кажуць, што не баяцца выступаць супраць кіраўніцтва, бо ўжо мелі досьвед аднаўленьня на працы праз суды.
«Не баяцца, бо ў нас такія людзі. Яны працуюць і хочуць атрымліваць годныя заробкі — таму й патрабуюць свайго», — кажа брыгадзір фэрмы Сьвятлана Зайцава.
Праз суды прайшоў яе муж, былы начальнік комплексу ў Крыўску. Таксама быў звольнены.
«Мы паехалі ў Дэпартамэнт па працы, нам сказалі — нічога ня зробіце. Падалі ў суд — дабіліся, яму выплацілі кампэнсацыю за вымушаныя прагулы, на тыя грошы каля сарака мільёнаў. І дабіліся аднаўленьня на працы», — кажа брыгадзір.
Звальнялі з працы і Галіну Сотнікаву. Цяпер яна робіць на фэрме лябаранткай. Раней была брыгадзірам.
«Мне парэзалі заробак, я падала ў суд. Але мы прыйшлі да міравога пагадненьня — я разумела, што мне тут жыць і працаваць. Мне выплацілі праз суд тое, што павінны былі», — узгадвае лябарантка.
Канфлікт з кіраўніцтвам здарыўся, на думку Сотнікавай, з той прычыны, што яна адстойвала сваіх даярак — ваявала за іх заробкі, «адбівала» ад пакараньняў.
Што аб пратэстах кажуць кіраўнікі гаспадаркі?
Цяпер «Крыўск» узначальвае Андрэй Зубараў. Пасьля чарговага пратэсту ён выказаўся ў раённай газэце «Авангард», што на прадпрыемстве павінна быць дысцыпліна. Калі новы кіраўнік прыйшоў на працу, то зразумеў, што «тут поўная анархія, людзям не цікавыя ні заробкі, ні парадак на працоўных месцах, ні адказнасьць за сваю справу».
Дырэктар мяркуе, што людзі «прывыклі працаваць у поўнай усёдазволенасьці, абсалютна не разумеючы, што праз паўгода такой працы прадпрыемству прыйдзе канец».
Да 2015 году гаспадаркай кіраваў Аляксандар Падалячын. Пасаду займаў 18 гадоў. Ён выказваўся, што ў даярак, якія пішуць скаргі, — «асабістая нянавісьць», бо «некалі мы іх прымусілі працаваць правільна, па тэхналёгіях». Ён прагназаваў, што «сёньня яны хочуць зьняць мяне, заўтра — старшыню райвыканкаму, потым — старшыню аблвыканкаму, а потым на прэзыдэнта пачнуць гаварыць, што нешта ня так!». Але пасаду страціў толькі ён.
На зьмену яму прыйшоў Васіль Ананьеў. Ён выказваўся, што даяркі не выконваюць тэхналягічны працэс, а скаргі пішуць ва ўсе інстанцыі, бо «ўвайшлі ў смак». Ананьеў намякаў, што «мы каго-кольвек звольнім за грубыя парушэньні, за тое, што мы не атрымалі цялятак, і як вынік — не атрымаем малака».
Тады была звольнена спэцыяліст па штучным асемяненьні Валянціна Кулідобры. Але яна аднавілася на працы — праз суд.
Ці дапамог звольненым даяркам суд?
Валянціна Кулідобры дабілася праз суд і аднаўленьня на працы, і выплаты кампэнсацыі. Цяпер яна працуе памочнікам брыгадзіра фэрмы.
«Мяне пасьля таго суду яшчэ мо тры разы спрабавалі звольніць. Ужо пры новым кіраўніцтве. Я пыталася пра прычыну — чаго мяне яны перасьледуюць, чым я заслужыла такое стаўленьне? Але дырэктар і начальнік аховы нічога не адказалі — маўчалі», — кажа Валянціна Кулідобры.
Яна кажа, што страшна «ваяваць» толькі першы раз, потым — не.
Ганна Красьнікава робіць на фэрме жывёлаводам па доглядзе за цялятамі. Раней дваццаць гадоў даіла каровы. Пасьля шматлікіх скаргаў у розныя інстанцыі на высокія кошты прыватызацыі дамоў звольнілася з фэрмы.
«Мяне восем месяцаў нікуды ня бралі на працу, сядзела дома. Ужо пагражала кіраўніцтву, што пайду красьці, бо за што мне жыць? Тады прынялі жывёлаводам», — кажа Ганна Красьнікава.
Чаму на фэрме ў Крыўску новы канфлікт?
25 траўня з фэрмы звольнілі Тацяну Сямёнаву, якая адпрацавала даяркай дваццаць гадоў. Яе падтрымалі калегі, якія чарговы раз выклікалі ў Крыўск журналістаў. Брыгадзір, лябарантка і працаўніцы фэрмы хвалілі Тацяну, казалі, што яна найлепшая даярка, надойвала па 20 літраў ад каровы.
Сама Тацяна лічыць, што звальненьне — помста, вынік канфлікту з начальнікам аховы Мікалаем Рабцавым.
«Ён падаў на мяне ў суд за абразу, а я выйграла справу. Зараз абвінавацілі, што крала камбікорм. Я ня крала! Набыла камбікорм у жывёлавода. На яго міліцыя і склала паперы, ён штраф атрымаў», — кажа Сямёнава.
Яна выхоўвае 16-гадовую дзяўчыну, над якой узяла апеку. Баіцца, што ў вёсцы ня знойдзе іншай працы. Апошні заробак у яе быў больш за 830 рублёў. Яе калегі кажуць пра 300–500 рублёў заробку. Зімой, па словах даярак, маглі і 200 атрымаць.
Брыгадзір фэрмы Сьвятлана Зайцава хваліць сваю падначаленую, кажа, што ніякіх заўваг да яе працы не было, жанчына адказная, працавітая.
«Гэта перадузятае стаўленьне да яе. Хто прыйдзе працаваць на яе месца?», — пытаецца брыгадзір. Яна пераймаецца, што праз гэтае звальненьне ў людзей прападзе жаданьне працаваць, бо «кожны задумаецца — можа, ён будзе наступны, выкінуць — і ўсё!».
Пра гэта кажуць і даяркі. Яны баяцца, што таксама могуць апынуцца на месцы Тацяны. «Камбікорм на фэрме кралі і раней. Але мала каго звальнялі», — кажуць працаўніцы фэрмы.
Лябарантка Галіна Сотнікава пераймаецца, што нармальных працаўнікоў цяпер не хапае, людзі «выматаныя» цяжкою працай, ня маюць годных заробкаў — і таму азлобленыя. Яна таксама лічыць, што ня варта звальняць такіх даярак, як Сямёнава.
Тацяна Сямёнава 28 траўня сказала, што ўжо падала заяву ў суд, каб яе аднавілі на працы.