З улікам цяперашніх цэнаў на нафту аўтамабільнае паліва падаражэе амаль на 24%. Павышаць цэны ў Беларусі будуць адначасова з Расеяй, заявіў старшыня канцэрну «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка, піша БелТА.
Паводле словаў Ляшэнкі, сёньня цана за адзін барэль нафты дасягнула 80 даляраў, беларускія цэны на паліва адстаюць ад гэтай сумы. Паліва АІ-92 і АІ-95 у Беларусі будзе каштаваць ад 80 да 85 цэнтаў, на момант публікацыі гэта ад 1,60 да 1,70 рубля. Паводле Ляшэнкі, гэтыя цэны дапасуюцца да цэнаў у Расеі. У Беларусі падаражэньне адбудзецца, калі кошты на нафту захаваюцца.
Цягам траўня кошты за адзін барэль нафты маркі Brent вагаюцца ад 73 да 79 даляраў.
Ад 15 траўня ў Беларусі дзейнічаюць наступныя цэны на паліва:
- АІ-92 — 1 рубель 29 капеек за літар;
- АІ-95 — 1 рубель 37 капеек;
- АІ-98 — 1 рубель 58 капеек;
- дызэльнае паліва — 1 рубель 37 капеек.
Ад пачатку году цэны на паліва узьнімаліся 9 разоў, агулам ад 9 да 19 капеек на розныя віды паліва. Гэта плюс 6,1–8,4% на розныя віды паліва. Цэны на дызэльнае паліва зьніжаліся двойчы – 14 і 27 красавіка.
За 2017 год цана паліва вырастала сем разоў — на 8 капеек. Згодна з архівам коштаў паліва на сайце «Беларуснафты», у 2013–2017 гадах ніводзін від паліва ў Беларусі не таньнеў.
У канцэрне «Белнафтахім» 10 сакавіка паведамілі пра новы падыход да цэнаў на нафтапрадукты і паступовае ўраўноўваньне з расейскім рынкам. У далейшым цэны будуць карэктавацца ў залежнасьці ад зьменаў сусьветных коштаў нафты, курсу нацыянальнай валюты і падатковай нагрузкі на нафтаперапрацоўчыя камбінаты.