У Пінску прайшла навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная роду Скірмунтаў. Яна арганізаваная Польскім інстытутам у Менску, а таксама Інстытутам славістыкі Польскай Акадэміі Навук. Значную ўвагу ў сваіх працах навукоўцы аддалі Раману Скірмунту — аднаму з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Раман Скірмунт (1868–1939) быў краёвым дзеячом у часы Расейскай імпэрыі, дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расеі. У 1916 годзе далучыўся да беларускага руху, у 1918-м спрабаваў сфармаваць урад БНР і кааліцыйны кабінэт міністраў. А праз год адыходзіць ад беларускага руху і да забойства ў 1939-м жыве і працуе ў маёнтку Парэчча на Берасьцейшчыне.
На канфэрэнцыі ў Пінску навукоўцы адзначылі, што ў дасьледаваньні постаці Рамана Скірмунта застаецца шмат нявысьветленых пытаньняў.
Чаму Скірмунт зрабіў некалькі кардынальных паваротаў у сваім палітычным жыцьці?
Як распавёў адзін з дасьледчыкаў гісторыі вядомага роду, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук, няма грунтоўнай біяграфічнай працы пра асобу Рамана Скірмунта. Гэта выклікана і той прычынай, што ў 1939 годзе, пасьля таго як яго забілі, зьнік сямейны архіў.
«Мяне больш цікавілі матывы гэтай асобы. Цяжка было зразумець чалавека, які робіць столькі значных паваротаў у жыцьці: выступае то як краёвец, то як паляк, то як беларус. А ўсё гэта адзін чалавек, жыцьцё аднаго чалавека», — Алесь Смалянчук мяркуе, што адказы на многія пытаньні знайшліся б у сямейным архіве.
Важным пытаньнем Алесь Смалянчук лічыць прычыну адыходу Рамана Скірмунта ад беларускага руху
«Няпроста зразумець, чаму ён адышоў ад беларускага руху, чаму раптам стаў польскім палітыкам. У нейкі момант ён проста ператварыўся ў патрыёта польскай дзяржаўнасьці. У 1920-я ў ім адбываюцца гэтыя перамены», — кажа Алесь Смалянчук.
Прычына паразы Скірмунта ў беларускім руху — непрыманьне яго з боку сацыялістаў
На жыцьцё Рамана Скірмунта, кажа Алесь Смалянчук, уплываў «унутрыбеларускі канфлікт» паміж прадстаўнікамі розных палітычных сілаў.
«Аналізуючы дзейнасьць Рамана Скірмунта і прычыны яго няўдачы ў беларускім руху, прыходзіш да высновы: адным з ворагаў была разьяднанасьць і спрэчкі, якія ўзьнікалі паміж рознымі арганізацыямі. Увесь час спаборнічалі дзьве ідэі: сацыяльная з выразнай сацыялістычнай дамінацыяй, і нацыянальная. І, трэба прызнаць, на пачатку ХХ стагодзьдзя сацыяльная была больш важнай. Сацыялісты ўвесь час жылі з падазрэньнем, што „ня можа памешчык быць разам з намі, гэта нейкая інтрыга, спроба падначаліць беларускі рух польскім уплывам“. І ўсе намаганьні Скірмунта часта разьбіваліся менавіта аб гэта».
Гісторык Алесь Смалянчук кажа, што Рамана Скірмунта «некалькі разоў фактычна выкідалі зь беларускага руху, ён вяртаўся і зноў нешта рабіў».
Раман Скірмунт у вобразе «добрага пана», якога забілі сяляне
Гісторык наладзіў шмат экспэдыцый у мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём Рамана Скірмунта на Берасьцейшчыне і заўважыў, што празь дзясяткі гадоў яго ўспамінаюць у вобразе «добрага пана».
«Калі пачалася савецкая агрэсія супраць Польшчы ў 1939 годзе, Раман Скірмунт выехаў з маёнтку Парэчча ў Пінск. Там яго арыштавалі, пасадзілі ў турму, потым выпусьцілі, і ён адразу вярнуўся ў Парэчча. З успамінаў пляменьніцы, ён адчуваў сябе там больш бясьпечна — маўляў, у выпадку чаго людзі абароняць. Тым ня меней 7 кастрычніка 1939-га Скірмунт быў забіты пры ўдзеле мясцовых жыхароў. Цяпер, калі людзі ўспамінаюць тое забойства, плачуць, шкадуюць: добры пан быў, навошта гэта зрабілі», — кажа Алесь Смалянчук.
Ён, у сваю чаргу, перакананы, што трагедыя здарылася не без падбухторваньня камісарамі.
«Забілі свае, але за сьпінамі забойцаў сваіх стаялі тыя самыя камісары. Пра гэта казаў і адзін з сваякоў Рамана Скірмунта: гэта была новая бальшавіцкая тактыка — забіваць ворагаў не сваімі рукамі», — лічыць Алесь Смалянчук.
Супярэчнасьці паміж памешчыкамі і сялянамі прывялі да трагедыі Скірмунтаў
Кандыдат гістарычных навук Сяргей Токць падкрэсьліў, што ў часы Рамана Скірмунта была сапраўдная прорва паміж земляўласьнікамі і сялянамі.
«Велізарная драма, трагедыя палягала ў існаваньні двух сьветаў — панскага і сялянскага. Калі першы здолеў лепей прыстасавацца да капіталістычнага часу, укараніць тэхналёгіі, то іншая цывілізацыя — вяскоўцаў-палешукоў — была больш кансэрватыўная. Сялянская гаспадарка больш арыентаваная не на рынак, а на выжываньне вялікай сям’і. Паміж гэтымі двума сьветамі існавала вялікая дыстанцыя і супярэчнасьці», — казаў Сяргей Токць.
Сяргей Токць удакладніў, што гэтыя супярэчнасьці прыводзілі да бунтаў сялянаў супраць Скірмунтаў у 1906 годзе і пазьней. Прычыніліся яны і да таго, што Скірмунты былі забітыя з удзелам сялянаў у 1939 годзе.