Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей Абламейка захапляльна адкрывае асобу Скарыны


29 траўня ў Менску ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча адбудзецца прэзэнтацыя (пачатак у 18.30) новай кнігі бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. Яе склалі аўтарскае эсэ Сяргея Абламейкі ў 25 частках «Нечаканы Скарына» і ягоныя інтэрвію зь вядомымі айчыннымі і замежнымі навукоўцамі, якія распавядаюць пра эпоху Скарыны і розныя аспэкты тагачаснага жыцьця. А сёньня сваімі чытацкімі ўражаньнямі ад «Нечаканага Скарыны» дзеліцца кандыдат мастацтвазнаўства Вячаслаў Ракіцкі.

Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

«Кніга «Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі — гэта дзівоснае, фантастычнае, захапляльнае падарожжа высокаадукаванага беларускага патрыёта, які жыве ў ХХІ стагодзьдзі, у поўны загадак, таямніцаў сьвет Скарыны — тытана беларускай гісторыі, які жыў, ствараў паўтысячагодзьдзя таму, у эпоху эўрапейскага Рэнэсансу. Падарожжа ажыцьцяўлялася дзеля сучаснага разуменьня выбітнага даробку выключнай значнасьці асобы, а завяршылася разуменьнем увогуле генэтычнага коду беларускай культуры і нацыянальнага духу. Інакш і не магло адбыцца, бо эсэ пісаліся таленавітым гісторыкам і літаратарам, зацікаўленым беларускім патрыётам і склаліся ў кнігу пра таго Скарыну, якога мы з сучасным досьведам ужо даўно чакалі.

У Абламейкавай геаграфіі і гісторыі Скарыны мы трапляем у Кракаў, Прагу, Падую, Вэнэцыю, Вільню, Вітэнбэрг, Уроцлаў, Кёнігсбэрг — гэтыя і іншыя эўрапейскія гарады, у якіх быў ці мог быць Скарына. Факты, падрабязнасьці з гісторыі гэтых гарадоў аўтарам падаюцца так удала, што паўстае шырокі, заглыблены, напоўнены гістарычнай атмасфэрай кантэкст эўрапейскага Рэнэсансу, у якім знайшлося невыпадковае месца і беларускаму гуманісту, першадрукару. Арыгінальныя, нечаканыя здагадкі, трактоўкі і інтэрпрэтацыі аўтара ў такім кантэксьце ўспрымаюцца пераканаўча.

Кніга-падарожжа, кніга гістарычных загадак, здагадак, адгадак і — я перакананы — навуковых адкрыцьцяў чытаецца надзвычай лёгка. Кожны з дваццаці пяці невялікіх разьдзелаў першай часткі пачынаецца з інтрыгі і завяршаецца вэрсіяй, у якую найбольш верыць аўтар, або дакладнай высновай.

Другая частка кнігі складзеная з аўтарскіх інтэрвію Сяргея Абламейкі з аўтарытэтнымі скарыназнаўцамі. Чытачы знаёмяцца з рознымі поглядамі на асобу і даробак вялікага беларускага гуманіста, і постаць Скарыны становіцца ў нашым уяўленьні яшчэ больш тытанічнай. Кніга чарговым разам пераконвае і ў літаратурным, і ў дасьледніцкім таленце Сяргея Абламейкі.

Нечаканая разьвязка кнігі. Аўтар раптам зьмяшчае сто пытаньняў, адказы на якія хацеў бы прачытаць у новых кнігах пра Скарыну. Відавочна, што гэтыя пытаньні Сяргей Абламейка задае і самому сабе, а таму шмат на якія зь іх варта чакаць ягонага адказу ў новых кнігах. Будзем чакаць».

«Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі — чарговая кніга «Бібліятэкі Свабоды.

Кніга складаецца з культуралягічнага эсэ ў 25 частках і аўтарскіх інтэрвію зь беларускімі і замежнымі навукоўцамі пра новыя знаходкі ў скарыназнаўстве.

Прэзэнтацыя адбудзецца 29 траўня а 18.30 у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (вул. Максіма Багдановіча 7а) у Менску. Уваход вольны.

Замовіць кнігу можна ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG