ВМФ Расеі заявіў, што адна зь яго атамных падводных лодак правяла пасьпяховы адначасовы запуск чатырох міжкантынэнтальных балістычных ракет.
У паведамленьні гаворыцца, што падводная лодка «Юрый Далгарукі», названая ў гонар заснавальніка Масквы, у аўторак правяла запуск ракет «Булава» з падводнай пазыцыі ў акваторыі Белага мора.
Замацаваныя на ракетах навучальныя баегалоўкі патрапілі ў цэлі на супрацьлеглым канцы Расеі – палігоне Кура на Камчатцы, адзначаецца ў паведамленьні ВМФ. Гэта быў першы адначасовы запуск чатырох ракет «Булава», здольных несьці некалькі ядзерных боегаловак. Далёкасьць палёту ракеты складае да 9300 кілямэтраў.
«Юрый Далгарукі» – першая падводная лодка новага клясу «Барэй», на якой усталяваны ракеты «Булава». У цяперашні час на ўзбраеньні Расеі знаходзяцца тры такіх падводных лодкі і будуюцца яшчэ пяць.
«Юрый Далгарукі» мае на ўзбраеньні балістычныя ракеты «Булава», а таксама тарпэдную зброю. У яго арсэнал могуць таксама ўваходзіць крылатыя ракеты. Як паведамляюць СМІ, Р-30 «Булава» – цьвердапаліўная балістычная ракета, распрацаваная спэцыяльна для падлодак. Яна можа дастаўляць на далёкасьць да 10 тысяч кілямэтраў 10 баегаловак магутнасьцю 150 кілятонаў кожная.