«Беларускім хакеістам месца ў ніжэйшым дывізыёне, але мірыцца з гэтым ня трэба», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў і старшыню назіральнай рады хакейнага клюбу «Дынама» (Менск) Ігара Шуневіча.
«Тое, што наша зборная вылецела з элітнага дывізыёну, — гэта па справе, няма там чаго рабіць з такой гульнёй, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Але пагадзіцца з гэтым мы ніяк ня можам».
Аляксандар Лукашэнка пацікавіўся ў Ігара Шуневіча, як будзе надалей разьвівацца «Дынама», якое зьяўляецца базай падрыхтоўкі хакеістаў для нацыянальнай зборнай.
«Цяпер фэдэрацыя хакею ўсё больш ківае на „Дынама“, маўляў, клюб не выконвае сваіх абавязаньняў, — адзначыў ён. — Клюб кажа, што ім самм трэба гуляць і выйграваць, паказваць гульню, таму ёсьць свае інтарэсы. Каб у нас не было разыходжаньняў, трэба зрабіць так: найлепшыя гульцы гуляюць у „Дынама“, а самыя лепшыя дынамаўскія — у зборнай. Перавага павінна аддавацца зборнай».
Лукашэнка расказаў, як мусіць будавацца тактыка галоўнай хакейнай каманды.
«Усё павінна быць заточана на краіну, — сказаў ён. — У зборнай павінны гуляць беларускія хакеісты, і перш за ўсё варатары. Гэта ня справа, што ў нас няма нармальнай абароны. Так і нападзеньня няма. Калі за дзясятак матчаў ня могуць забіць дзясятак галоў, гэта не каманда», — падсумаваў Лукашэнка.
На нядаўнім чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Даніі нацыянальная зборная Беларусі прайграла ўсе 7 матчаў у групе і заняла апошняе месца. Згодня з рэглямэнтам спаборніцтваў, беларусы разам з аўтсайдэрамі іншай васьмёркі — паўднёвымі карэйцамі — пакінулі эліту і на наступны год будуць гуляць у ніжэйшым дывізыёне.