Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Рычард Пайпс двойчы раззлаваў мяне падчас аднаго інтэрвію


Ня буду сьціплым, але падазраю, што інтэрвію Рычарда Пайпса Свабодзе было адным з апошніх, якія даў гэты легендарны чалавек журналістам. Арганізаваць размову было няпроста, але яшчэ складаней пагадзіцца з тым, што ён тады сказаў.

Памёр Рычард Пайпс, амэрыканскі саветоляг, дарадца прэзыдэнтаў ЗША

Маё знаёмства з Рычардам Пайпсам пачалося ў 2001 годзе. Разам зь сябрамі-музыкамі мы паехалі ў Польшчу, сьпявалі ў касьцёлах старадаўнія беларускія песьні, а за ахвяраваньні публікі вандравалі па цікавых мясьцінах. У горадзе Пулавы пад Люблінам нас запрасіў да сябе мясцовы пробашч. Аказалася, што ён да вайны нарадзіўся ў Глыбокім. Вельмі цікавіўся тым, што сёньня ўяўляюць сабою горад і Беларусь. На разьвітаньне запрасіў нас да сябе ў бібліятэку.

— Я ўжо стары, неўзабаве памру, шкада, каб гэтыя кніжкі памерлі таксама, — сказаў сьвятар і пачаў выбіраць для нас падарункі з паліцаў.

Сярод тых, што дасталіся мне, была кніга Пайпса «Расея цароў». Я трошкі пакруціў носам, але падарунак прыняў. Рукі да гэтай кнігі дайшлі толькі празь некалькі гадоў. Але тады я думаць ня думаў, што калі-небудзь пачую жыўцом голас былога дарадцы Рэйгана і сусьветна вядомага гісторыка.

Гарвардзкі ўнівэрсытэт, дзе доўгія гады працаваў Рычард Пайпс
Гарвардзкі ўнівэрсытэт, дзе доўгія гады працаваў Рычард Пайпс

Летась я ўзгадаў пра Рычарда Пайпса з нагоды 100-годзьдзя бальшавіцкага перавароту. Някепска было б запісаць зь ім размову, падумалася, бо Пайпс, бясспрэчна, адзін з найлепшых спэцыялістаў у сьвеце. Знайсьці ягоны нумар у інтэрнэце заняло 5 сэкундаў. І столькі ж часу пайшло на тое, каб набраць нумар у Бостан.

— Рычард Пайпс? — зь недаверам пытаюся ў чалавека на іншым канцы дроту.
— Так.

У мяне заняло дыханьне. Гэта як пачуць голас Фрэнка Сынатры або Одры Гэпбэрн. У гістарычнай навуцы Пайпс быў майстрам сваёй справы і сымбалем эпохі, якая амаль цалкам сышла. Мы дамовіліся, што я перазваню праз 30 хвілін, калі яму будзе зручней гаварыць. Але ані праз паўгадзіны, ані праз гадзіну і нават дзьве ніхто не падымаў слухаўку. Я ледзь не са сьлязьмі на вачах дакараў сябе, што правароніў такі момант, што трэба было задаваць пытаньні ў лоб, не ўзгадняючы новага званка. Маёй злосьці на самога сябе ня было мяжы.

Званіў я і назаўтра, і пасьлязаўтра. Прыйшоў час ехаць зь сям’ёю на выходныя ў Варшаву. Седзячы ў гасьцях на канапе і чытаючы тую кніжку ад глыбоцкага сьвятара, я не пераставаў думаць пра ягоны нумар, які ўжо ведаў на памяць. Яшчэ некалькі званкоў... і нічога. Тады я знайшоў у сеціве нумар тэлефону да сына Пайпса, таксама гісторыка. На іншым баку слухаўку падняла незнаёмая пані і патлумачыла прычыну:

— Яго забралі ў шпіталь. Але ён там мае тэлефон, запішыце нумар.

Праз дзьве хвіліны Рычард Пайпс адказваў на мае пытаньні.

Мушу прызнацца, што тады 20-хвілінная размова з мэтрам гісторыі мяне расчаравала. Здавалася, што нічога вартага свайго імя гісторык не сказаў. Ён у кола паўтараў тую саму фразу: «Расея не распадзецца, ваш ратунак у іншым — цікаўцеся палітыкай і будзьце актыўнымі». Апраўдаўшы гэта ўзростам Пайпса і шпітальнай атмасфэрай, я апублікаваў нашую размову, баючыся чытацкага дакору, што змарнаваў такі шанец. У чарговы раз злаваўся на сябе, што дапусьціў недзе памылку.

Рэдагуючы тую гутарку, перачытаючы яе дзесяць разоў, я задумаўся. А што калі ў гэтую фразу Пайпс уклаў усю сутнасьць сваёй шматгадовай працы гісторыка, саветоляга, дарадцы Рэйгана ды іншых уладцаў лёсаў. Чалавек напісаў процьму кніг, быў дарадцам самых уплывовых людзей на плянэце, быў настаўнікам дзясяткаў тысяч студэнтаў.

Ён пражыў больш за 90 гадоў, прааналізаваў самыя значныя падзеі ХХ стагодзьдзя, разумеў мэханізмы гісторыі. Магчыма, ён проста ня бачыў патрэбы кідацца словамі, прыводзіць красамоўныя прыклады і гуляць мэтафарамі. Усю сутнасьць ён сфармуляваў у некалькіх словах. Не чакайце халявы, уплывайце на сваё жыцьцё, будзьце яго гаспадарамі. Калі вам нешта не пасуе, то не наракайце, ня плачце, а зьмяніце гэта. Вам не падабаецца палітыка — дык зьмяняйце яе. А ключом да ўсяго ёсьць цікаўнасьць, зь якой усё пачынаецца.

Гэтая парада можа падацца банальнай, простай, а нават здольнай раззлаваць. Маўляў, яшчэ адзін разумнік з-за акіяну дае свой рэцэпт. Але гэты рэцэпт, хутчэй за ўсё, проста ня мае альтэрнатывы. І, разумеючы гэта, немагчыма не раззлавацца. Бо халявы ня будзе.

Рычард Пайпс: «Расея не распадзецца, не чакайце. Ваш ратунак у іншым»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG