Дзяржаўная дума Расеі прыняла ў другім чытаньні закон пра адказ на санкцыі заходніх краінаў. Пры дапрацоўцы ў законапраект унесьлі зьмены.
У прыватнасьці, цяпер у дакумэнце няма сьпісу канкрэтных галінаў, тавараў і паслуг, якія могуць стаць аб’ектамі контрасанкцый. Такім чынам не была прынятая норма аб абмежаваньні на ўвоз у Расею імпартных лекаў.
Пералік прадукцыі, на якую распаўсюдзяць абмежаваньні, будзе вызначаць урад. У законапраекце падкрэсьліваецца, што санкцыі не закрануць жыцьцёва неабходных тавараў, аналягі якіх у Расеі не вырабляюць. Законапраект «Аб мерах узьдзеяньня на недружалюбныя дзеяньні ЗША і іншых замежных дзяржаў» быў унесены ў Дзярждуму 13 красавіка. У сваім першапачатковым выглядзе ён прадугледжваў забарону або абмежаваньне імпарту ў Расею сельскагаспадарчай прадукцыі, сыравіны, харчаваньня, мэдыкамэнтаў, алькаголю, тытуню.
Некамэрцыйныя арганізацыі, якія займаюцца дапамогай хворым, накіравалі кіраўнікам абедзьвюх палат расейскага парлямэнту ліст з патрабаваньнем не дапусьціць уключэньня лекаў і мэдыцынскай тэхнікі ў сьпіс тавараў, забароненых да ўвозу з прычыны санкцый. Пазьней стала вядома, што канкрэтныя прапановы з паправак вырашылі прыбраць.