Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждума Расеі пастанавіла штрафаваць і саджаць у турму тых, хто выконвае замежныя санкцыі


Дзяржаўная дума Расеі ў першым чытаньні прыняла законапраект аб контрасанкцыях. Яго аднагалосна падтрымалі ўсе 410 дэпутатаў, якія прысутнічалі на пасяджэньні. Адначасова з гэтым дэпутаты прынялі папраўкі ў Крымінальны кодэкс Расеі, якія ўводзяць адказнасьць за выкананьне замежных санкцый на тэрыторыі Расеі.

Законапраект «Аб мерах ўздзеяньня (процідзеяння) на недружалюбныя дзеяньні ЗША і (або) іншых замежных дзяржаў» быў унесены ў Дзярждуму 13 красавіка. Ён, у прыватнасьці, прадугледжвае забарону або абмежаваньне імпарту ў Расею сельскагаспадарчай прадукцыі, сыравіны, прадуктаў харчаваньня, алькаголю, тытуню. У першапачатковай вэрсіі дакумэнту згадваліся абмежаваньні на ўвоз у Расею лекаў з заходніх краін і забарона на прыём на працу амэрыканцаў.

Некамэрцыйныя арганізацыі, якія займаюцца дапамогай хворым, накіравалі кіраўнікам абедзьвюх палат расейскага парлямэнту ліст з патрабаваньнем не дапусьціць уключэньня лекаў і мэдычнай тэхнікі ў сьпіс тавараў, забароненых да ўвозу ў сувязі з санкцыямі. Пазьней стала вядома, што канкрэтныя прапановы з паправак вырашылі прыбраць.

Папраўкі ў Крымінальнай кодэкс, прынятыя сёньня Дзярждумай, прадугледжваюць за выкананьне санкцый замежных дзяржаў штрафы да 600 тысяч рублёў, а таксама турэмнае зьняволеньне на тэрмін да чатырох гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG