Міністэрства культуры Беларусі вызначыла, што бюст Якубу Коласу на тэрыторыі Т’яньцзіньскага ўнівэрсытэту замежных моваў у Кітаі зробяць паводле праекту скульптара Сяргея Гумілеўскага, піша БЕЛТА.
Варыянт Сяргея Гумілеўскага выбралі з васьмі праектаў. Імёнаў іхніх аўтараў журы ня ведала.
Аўтар праекту вядомы як уласнымі работамі (напрыклад, «Галубка» ў менскім Батанічным садзе), так і супольнымі праектамі з бацькам — Львом Гумілеўскім (помнік Кірылу Тураўскаму ў Гомлі, помнік Янку Купалу ў Маскве, Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Менску).
Таксама журы выбрала праект бюста беларускаму кампазытару, былому супрацоўніку ансамбля «Песьняры» Ігару Паліводу — бюст зробяць паводле праекту Алеся Шацілы. Бюст будзе ўсталяваны ў Менску, канкрэтнае месца не называецца.