Калі музычны конкурс выйграе канвэнцыйна прыгожая жанчына з мадэльнымі парамэтрамі 90-60-90, яе зьнешнасьць успрымаецца публікай як дадзенае.
Людзі абмяркоўваюць вакальныя дадзеныя пераможцы, яскравасьць шоў, а калі ўзгадваюць пра зьнешнасьць, дык ня кажуць, што перамагла сьпявачка з прычыны доўгіх ног і вялікага бюсту. Бо доўгія ногі і вялікі бюст — гэта ня нешта незвычайнае, а тое, што проста павінна быць.
Але сёлета на Эўравізіі першае месца заняла прадстаўніца Ізраіля Нэта Барзілай, — жанчына, чыё цела вельмі далёкае ад мадэльных стандартаў, і яе перамогу ўжо называюць чарговай неадэкватнай праявай паліткарэктнасьці і ўвогуле перамогай фэмінізму.
Нешта падобнае было пасьля ўручэньня Оскара сёлета. Дзесяцігодзьдзямі мужчыны перамагалі з фільмамі, зьнятымі для мужчын і з мужчынамі ў галоўных ролях, і ў гэтым не было «нічога такога». Як толькі быў адзначаны «альтэрнатыўны» фільм, дык кінапрэмію адразу абвінавацілі ў сьляпым адпавяданьні «сусьветнаму фэмінісцкаму трэнду».
Тое, што Нэта перамагла, мяне асабіста вельмі радуе. Але давайце будзем шчырымі: гэтая перамога — кропля ў моры зацыкленага на хударлявасьці грамадзтва, а не перамога фэмінізму. І шматлікія абразьлівыя рэакцыі на посьпех сьпявачкі дэманструюць, наколькі горкай аказалася гэтая кропля для грамадзтва, якое глядзіць на рэальнасьць праз прызму стандартаў глянцавых часопісаў.
А песьня, у якой тоўстая жанчына кажа «Я ня буду тваёй цацкай» і адкрыта сьмяецца з мужчыны, а не клянецца ў вечным каханьні і не запэўнівае, што ён ёсьць сэнсам усяго яе жыцьця, усё яшчэ лічыцца правакацыяй, а не паўнавартасным варыянтам таго, што можа гучаць на вялікай сцэне.
«У Ізраілі яе адабралі як кур’ёз, і букмэкеры на гэта купіліся» — піша пра Нэту ізраільскі журналіст Уладзімір Лазарыс.
У масавай культуры склаўся настолькі стэрэатыпны вобраз тоўстых жанчын, што ўспрымаць іх (нас?) сур’ёзна і спакойна большасьць наўпрост адмаўляецца. Узгадайце, што зь сябе ўяўляюць тоўстыя гераіні сэрыялаў? Іх жыцьцё альбо круціцца вакол ідэі «трэба худнець», альбо яны падкрэсьлена вясёлыя і харызматычныя, даказваючы тым самым, што могуць быць прывабнымі, нягледзячы на вялікую вагу. Безумоўна, бываюць і выключэньні, але іх няшмат.
І наўрад ці за ўсю гісторыю кінаіндустрыі існаваў хоць адзін фільм з супрацьлеглай сытуацыяй, дзе хударлявая жанчына даказвала б навакольным, што яна вартая ўвагі, нягледзячы на дэфіцыт масы цела. Быць хударлявай — гэта сацыяльная норма, і адпавяданьне ёй лічыцца своеасаблівым пунктам адліку, а права на адыход ад яе трэба заслужыць.
Вось і спрачаюцца зараз тысячы, калі не мільёны камэнтатарак і камэнататараў па ўсім сьвеце, ці заслужыла Нэта права быць успрынятай сур’ёзна. І гэта з улікам таго, што вага сьпявачкі — гэта адзінае, што адрозьнівае яе ад глянцавага стандарту. На ёй модная вопратка і аксэсуары, у яе паголеныя ногі, прафэсійны манікюр, макіяж і ўкладка.
Яна проста вялікая жанчына, якая ганарыцца сабой, але мы жывем у такім сьвеце, дзе быць тоўстай і не саромецца сябе — гэта вялікі выклік і нават правакацыя. Да «перамогі фэмінізму» нам яшчэ вельмі і вельмі далёка, але дзякуючы Нэце цяпер пройдзена чарговая кропка невяртаньня. І хто ведае, можа і да кампаній мас-маркету цяпер дойдзе, што памерная лінія вопраткі не мусіць сканчвацца на 48 памеры.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.