А 22-й гадзіне 12 траўня пачнецца фінал сьпеўнага конкурсу «Эўравізія», што праходзіць у партугальскім Лісабоне. Пераможцу з 26 фіналістаў вызначаць па суме балаў ад гледачоў і ад журы.
Сёлета фінал пройдзе без удзелу прадстаўніка Беларусі — украінец Alekseev ня выйшаў у фінал.
Але за перамогу яшчэ пазмагаецца беларус — прадстаўнік Нарвэгіі Аляксандар Рыбак, які ўжо перамагаў на конкурсе ў 2009 годзе.
З суседзяў Беларусі ў фінал трапілі Літва, Украіна і Эстонія — а ня трапілі Латвія, Польшча і Расея.
Напярэдадні фіналу вызначыліся некалькі фаварытаў. Варта не забываць, што фаварыты перамагаюць далёка не заўсёды — так, летась першае месца заняў не італьянец Франчэска Габанэ, на якога ставілі найбольш, а партугалец Салвадор Сабрал, якому прадказвалі другое-трэцяе месца.
Паводле шэрагу букмэйкерскіх сайтаў і агрэгатараў ставак, найбольш вераць у перамогу прадстаўніцы Кіпру — гэта Элені Фурэйра зь песьняй «Fuego» («Агонь»).
На другім месцы ў букмэйкераў — Нэта Барзілай з Ізраілю, якая выканае песьню «Toy» («Цацка»). Яшчэ нядаўна яна была галоўным фаварытам на букмэйкерскіх сайтах.
У тройцы прадстаўнік Ірляндыі Раян О’Шонэсі зь песьняй «Together» («Разам»).
Яшчэ пяць выканаўцаў, на якіх часта робяць стаўкі (у парадку зьмяншэньня папулярнасьці ў букмэйкерскіх канторах):
Францыя — дуэт Madame Monsieur — «Mercy» («Мэрсі»)
Нямеччына — Міхаэль Шультэ — «You Let Me Walk Alone» («Ты пакінуў мяне аднаго»)
Швэцыя — Бэнджамін Інгроса — «Dance You Off» («Затанчыць цябе»)
Літва — Ева Засімаўскайце — «When We’re Old» («Калі мы станем старыя»)
Нарвэгія — Аляксандар Рыбак — «That’s How You Write А Song» («Вось так пішуцца песьні»)