Наглядны суд Мілану вынес рашэньне аб рэабілітацыі былога прэм’ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, які ў 2013 годзе быў асуджаны Вярхоўным касацыйным судом Італіі да чатырох гадоў пазбаўленьня волі па рэзананснай справе аб фінансавых махінацыях у групе Mediaset, якая належыць яму, паведаміла ў суботу міланская газэта Corriere della Sera.
Згодна з гэтай інфармацыяй, пастанова нагляднага суду адмяняе папярэднія рашэньні італьянскіх судовых органаў, згодна зь якімі 81-гадовы палітык на працягу шасьці гадоў пасьля вынясеньня прысуду ня мог займаць дзяржаўныя пасады і, такім чынам, балятавацца на выбарах.
Рашэньне суду можа быць абскарджанае пракуратурай Мілану, аднак лічыцца, што яно ўжо набыло законную сілу.
Вярхоўны касацыйны суд Італіі 1 жніўня 2013 году пацьвердзіў прысуд, вынесены раней у дачыненьні Сыльвіё Берлюсконі Апэляцыйным судом Мілану па справе Mediaset. Экс-прэм’ер быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі за фінансавыя махінацыі, але пры гэтым тэрмін зьняволеньня яму быў аўтаматычна скарочаны да аднаго году згодна з законам аб памілаваньні ад 2006 году. Потым у сувязі са сталым узростам Бэрлюсконі турэмны тэрмін яму быў заменены на сацыяльныя працы ў доме для састарэлых. Аднак забарона для экс-прэм’ера на занятак дзяржаўных пасадаў да гэтага часу заставалася ў сіле.
Рашэньне нагляднага суда Мілану мае і палітычнае значэньне, паколькі Бэрлюсконі па-ранейшаму ўзначальвае ўплывовую партыю «Наперад, Італія». 4 сакавіка ў Італіі прайшлі парлямэнцкія выбары, якія не выявілі яўнага пераможцы. У цяперашні час перамовы аб фарміраваньні новага нацыянальнага ўраду вядуць лідэры грамадзка-палітычнага «Руху 5 зорак» і партыі «Ліга».
Бэрлюсконі ўжо заявіў, што ў выпадку стварэньня такога кабінэта міністраў яго партыя будзе знаходзіцца ў «канструктыўнай апазыцыі». Аднак калі такі ўрад ўсё ж такі ня будзе сфарміраваны, ня выключана, што ў краіне ў бліжэйшыя месяцы могуць быць праведзены датэрміновыя выбары. У гэтым выпадку Бэрлюсконі зможа прыняць у іх паўнавартасны ўдзел.