Першы дазволены гарадзкімі ўладамі парад раварыстаў быў заяўлены арганізатарамі як пазбаўлены любога палітычнага адценьня. Але, як адзначыў Радыё Свабода прадстаўнік Менскага роварнага таварыства Павал Гарбуноў, удзельнікам імпрэзы не забаранялася дэманстраваць уласную пазыцыю — менавіта таму на раварыстах вышыванкі, выцімайкі, рэчы з нацыянальным арнамэнтам, а таксама георгіеўскія стужкі.
«Тут некалькі суарганізатараў, у кожнага можа быць адрознае меркаваньне адносна таго, як мусіць выглядаць гэты парад. Адзінае, што нас аб’ядноўвае, — гэта ровары. А ўжо раварысты выяўляюць сябе як у каго атрымліваецца — нехта апрануўся бэтмэнам, нехта — салдатам, а нехта — у вышыванцы. Гэта нармальна», — кажа Павал Гарбуноў.
Бадай што самым калярытным пэрсанажам параду стаў раварыст Андрэй, якія прыехаў у форме салдата савецкай арміі ўзору пасьля 1943 году. На пытаньне Радыё Свабода, што значыць яго вобраз, мужчына адказаў, што пры яго выбары кіраваўся жаданьнем адчуць дух ваеннай эпохі:
«У мяне нямецкі трафэйны ровар вытворчасьці 1937 году. Хацелася стылізаваць сябе так, каб вобраз быў гарманічным. Увогуле, хочацца быць бліжэй да той эпохі».
На багажніку свайго трафэйнага ровара Андрэй напісаў крэйдай «На Бэрлін».
Дзяўчына Яна на парадзе ў кампаніі беларускамоўных раварыстаў, якія вырашылі «паказаць сваю беларускасьць, надзеўшы вышымайкі».
«Я думаю, што роварныя арганізацыі не заахвочваюць выяўляць нацыянальную сьвядомасьць. Менавіта таму гэтыя некалькі тысяч раварыстаў не прыехалі на парад у вышаванках. Разам з тым, амаль кожны тут захацеў нейкім чынам вылучыцца, і некаторыя дзеля гэтага надзелі вышыванкі — найперш, каб паказаць сваю беларускасьць. Але тут ёсьць нямала людзей з георгіеўскімі стужкамі і нават з расейскімі сьцягамі, а таксама з сучасным беларускім дзяржаўным сьцягам», — сказала Яна Радыё Свабода.