Савет міністраў накіраваў у Палату прадстаўнікоў законапраект аб зьмене крымінальнага артыкула 328, піша БелТА.
Што прапануюць зьмяніць?
- «Максымальная адмова» ад пазбаўленьня волі як пакараньня.
- Адказнасьць будзе прадугледжвацца толькі, калі была нанесена шкода.
- Памер буйной і асабліва буйной шкоды, за якую будзе крымінальная адказнасьць, «істотна» павялічваецца.
27 красавіка прадстаўнікі руху «Маці 328» абвясьцілі галадоўку, патрабуючы зьмякчэньня «антынаркатычнага» заканадаўства ў дачыненьні да тых, хто ўжываў забароненыя рэчывы. 2 траўня ў Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні па «наркатычным» артыкуле 328.
Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:
- Акцыя доўжылася 15 дзён. 11 траўня актывісткі пачалі выхад з галадоўкі. Працягвае галадаць толькі Людміла Лапко зь Ліды, якая пачала галадоўку 10 траўня.
- 11 траўня жанчыны з Каленкавіч прыехалі ў Менск і завяршылі галадоўку каля адміністрацыі Лукашэнкі.
- Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьня адказнасьці для спажыўцоў наркотыкаў.
- 2 траўня сем галадоўніц руху «Маці 328» з Каленкавіч сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля сустрэчы яны адмовіліся спыніць галадоўку.
- 27 красавіка актывісты руху «Маці 328» у Каленкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. Ад 3 траўня да іх далучылася жанчына ў Віцебску.
- Удзельнікі галадоўкі патрабуюць перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула КК (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.