На менскіх Вайсковых могілках ушанавалі памяць савецкіх салдатаў і афіцэраў, якія загінулі падчас вызваленьня беларускай сталіцы ў 1944 годзе.
Спачатку вянкі да помніка ўсклалі курсанты і піянэры, былі дадзеныя адзіночныя залпы са зброі.
Дачакаўшыся, пакуль скончацца афіцыйныя мерапрыемствы, сьледам кветкі панесьлі актывісты БСДП (Народная Грамада) і арганізацый Беларускага нацыянальнага кангрэсу.
Мікола Статкевіч, Алесь Арастовіч, Ніна Багінская ды іншыя грамадзкія дзеячы ўшанавалі загінулых хвілінай маўчаньня.
За апазыцыянэрамі назіралі і вялі відэаздымкі людзі ў цывільным.
На Вайсковыя могілкі дэмакратычныя актывісты прыходзяць ад пачатку 1990-х. Сярод іх і палітык, экс-кандыдат у прэзыдэнты і былы палітвязень Мікола Статкевіч — сам у мінулы афіцэр, падпалкоўнік запасу.