Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна «без асобых прычын»


Здаецца, усё сваё жыцьцё я спрабую разабрацца ў той вайне, але да канца зразумець яе немагчыма.

Адзіны «свой» эпізод у мяне — які згадваў бацька-франтавік. У 1945-м яны ішлі строем па вуліцах нейкай там Гдыні, было цёпла і сонечна, іх сустракаў радасны натоўп, пераважна жанчыны ў летніх сукенках. І сярод іх былі дзяўчаты з бацькавых Мялешкавіч, якія пазналі яго і крычалі: «Ваня-Ваня!» Яны, сагнаныя на працу ў Нямеччыну, выглядалі цалкам свабоднымі, можа быць нават шчасьлівымі, бязь ценю страху.

Тое, што для звычайнага беларуса і для ўсяго беларускага народа гэта ніякая не Перамога, я зразумеў у сярэдзіне жыцьця.

Перамога — гэта ў кожным разе нейкі бонус, калі не матэрыяльны, дык маральны, вызваленьне, напрыклад.

Перамога — гэта ў кожным разе нейкі бонус, калі не матэрыяльны, дык маральны, вызваленьне, напрыклад. А ад чаго ў 1945-м вызваліліся беларусы? Ад калгаснага прыгону? Не. Ад русіфікацыі? Не. Ад страху? Таксама не. Што набылі? Страшную, як вялізная радзімая пляма, ганьбу ў выглядзе «невядомага салдата», які так і застанецца невядомым, бо зрабіць яго вядомым ніхто асабліва і не імкнуўся. Як бы і няма патрэбы.

Дзе яна хаваецца, Перамога? У сотнях спаленых беларускіх вёсак, у галакосьце беларускіх габрэяў, у той лютай нянавісьці, зь якой палова выпускнікоў вясковае беларускае школы, якая пайшла ў партызаны, забівала другую палову, якая пайшла ў паліцыю, і наадварот?

Якія на ўсё гэта ў нас былі прычыны і якая была наша роля? Ратуйся хто можа?

Для беларусаў не было ні перамогі, ні паразы. Была акупацыя і «ратуйся хто можа».

Выглядае, што для беларусаў не было ні перамогі, ні паразы. Была акупацыя. Калі яна пачалася? Яўна ня ў 1941-м. У 1937-м, з вынішчэньня практычна ўсёй нацыянальнай эліты? Ці ў 1929-м, з масавага вывазу ў Сібір заможнага беларускага сялянства? Ці ў 1917-м, з чырвонага тэрору, з вынішчэньня беларускага дваранства і люмпэнізацыі народных мас? Ці ў канцы ХVIII ст. — з падзелаў Рэчы Паспалітай і прыходу ў Беларусь вялізнай арміі расейскіх вайскоўцаў, чыноўнікаў, царквы, школы? Ці ў 1654-м, калі Беларусь страціла кожнага другога, калі ў Масковію быў выведзены 300-тысячны палон нашых рамесьнікаў, у выніку чаго зьнік беларускі горад, а народ ператварыўся ў сялянскую масу?

Скажаце, так далёка не баліць? А ўявіце, што ўсё гэта адбываецца сёньня. Дакладней, адбіткі ўсяго гэтага штохвілінна прысутнічаюць у жыцьці кожнага з нас. Бо так толкам і не адрадзілася нацыя зь яе элітамі, так і не паўстаў наноў беларускі горад. Затое канчаткова зьнікла сялянства. Прапалі кудысьці вяршэнства закону і цана чалавечага жыцьця.

Перамога — толькі слова, якое таксама існуе ў сёньняшнім дні, без учора і заўтра, без рэальнага напаўненьня.

Людзі ў пераважнай большасьці сваёй жывуць сёньняшнім днём, ня думаючы ні пра ўчора, ні пра заўтра, ні пра тое, хто яны на гэтай зямлі. І гэтая Перамога — толькі слова, якое таксама існуе ў сёньняшнім дні, без учора і заўтра, без рэальнага сэнсавага напаўненьня. Адсюль гэтыя «ряженые» «вэтэраны», «лінія Сталіна» і зыкі патасу пра «несьмяротны подзьвіг».

У чым вымяраецца Перамога для звычайнага беларуса? У колькасьці нямецкіх машын на беларускіх вуліцах і дарогах? Ці ў якасьці нямецкай мэдыцыны, якую зьбеглы зь Менску начальнік «валадаркі» Алкаеў не прамяняе ні на якое вяртаньне на радзіму? Ці ў кватэрах, якіх толькі ў Сьвярдлоўскай вобласьці ў 2015-м чакалі ў чарзе 15 тысяч франтавікоў?

Ці расплацілася Нямеччына за нанесеныя Беларусі страты? Ці расплацілася Расея? Хто болей вінаваты? Ці кампэнсавалі? Пра гэта ніхто не гаворыць, бо жывучы па-за гістарычнай пэрспэктывай, ніхто ў такіх катэгорыях ня мысьліць. Зь іншага боку, пытаньні рытарычныя, бо кампэнсаваць гэтыя страты могуць толькі самі беларусы, адбудоўваючы саміх сябе самімі сабою, а ня «рускімі» ці «немцамі».

Чыё рабства лепшае? Чые канцлягеры камфартнейшыя? Чые кулі больш гуманныя?..

Вы скажаце, калі б не перамаглі фашызм, беларусы сталі б рабамі немцаў. А ці яны ня сталі рабамі саветаў? Чыё рабства лепшае? Чые канцлягеры камфартнейшыя? Чые кулі больш гуманныя?.. Колькі беларусаў загінула ад рукі немцаў, а колькі ад рукі саветаў — гэтага таксама не падлічвае ніхто. Чыя авіяцыя ў большай ступені разбурыла беларускія гарады?.. Замест халоднай статыстыкі — палымяныя і пустыя фанфары.

Дык у чым і чыя гэта Перамога? Вялікая Перамога сёньня сынонім Вялікай Расеі. А мы тут пры чым? З гледзішча звычайнага беларуса — гэта ідэалягічная бурбалка ці проста звычка — адзначаць. «Дзяды ваявалі…» А за што? За мірнае неба? Выходзіць, над Нямеччынай яно сёньня больш мірнае, чым над Беларусьсю. У нас тут больш пра пагрозы гавораць.

Не было для нас Перамогі. Толькі страты, боль, гора. Наслаеньне акупацыяў — расейскай на маскоўскую, савецкай на расейскую, нямецкай на савецкую, савецкай на нямецкую… Беларусь апынулася паміж страшным злом фашызму і страшным злом камунізму. Паміж «немцамі» і «рускімі». «Немцы» нібыта пакаяліся, «рускія» ва ўсю сьвяткуюць, лязгаюць зброяй на парадах, надзяваюць на сваіх дзетак вайсковы камуфляж — быццам клічуць новую вайну. І сам агрэсіўны «русский мир», што ўсе ўжо зразумелі, гэта насамрэч «русская война», прага рэваншу. Але якога і за што, калі — Перамога?

Не хачу нікога ні ў чым пераконваць, адно хачу, каб пра вайну гаварылі без хлусьні — як гэта рабілі Адамовіч, Быкаў, Астаф’еў і многія іншыя, хто там рэальна быў. І ў гісторыі гэтай не хачу і не магу паставіць кропку, бо да ўсёй праўды пра вайну, па-мойму, яшчэ вельмі далёка. Аж да поўнага кагнітыўнага дысанансу. Адно са мною застаецца нязьменным той эпізод з бацькавых успамінаў пра тых мялешкаўскіх дзяўчат у летніх сукенках, што крычалі яму на сонечнай вуліцы ў нейкай там Гдыні: «Ваня-Ваня!».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG