Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Начныя ваўкі» трапілі ў Прагу пад аховай паліцыі. ФОТА


Байкеры расейскага мотаклюбу «Начныя ваўкі», якія сёлета чарговы раз зладзілі мотапрабег «Дзень Перамогі — на Бэрлін», былі заблякаваныя пад Прагай групай актывістаў, а мерапрыемства здолелі правесьці толькі пад значнай аховай чэскай паліцыі.

Яшчэ за некалькі кілямэтраў да чэскай сталіцы група актывістаў зьбіралася сустрэць і заблякаваць байкераў з георгіеўскімі стужкамі, а таксама савецкімі і расейскімі сьцягамі. Гэта атрымалася, аднак жа ненадоўга — празь некалькі дзясяткаў хвілін яны здолелі зьехаць.

Пунктам прызначэньня прыхільнікаў Пуціна і Савецкага саюзу былі Альшанскія могілкі, дзе пахаваныя савецкія салдаты, а таксама стаіць адмысловы помнік, прысьвечаны невядомым загінулым байцам савецкай арміі.

Тут сабралася каля 100 байкераў і некалькі дзясяткаў рускамоўных жыхароў Прагі. Амаль на кожным зь іх была ці георгіеўская стужка, нейкі значок ці футболка, прысьвечаная Пуціну. Дзе-нідзе можна было заўважыць сымболіку ДНР ці ЛНР. А адзін з мужчынаў з некалькімі стужкамі на сваёй вайсковай форме нават дадаў на сьпіне допіс, што ён кіруе БТР-ам у Данецку.

Урачыстае мерапрыемства пачалося з выступаў удзельнікаў байкерскага клюбу. Яны заўважалі, што нягледзячы на «невялікія перашкоды», сабрацца усё ж атрымалася. Гучалі словы падзякі і байкерам з Польшчы, Чэхіі і Сэрбіі за арганізацыю падтрымкі, без якой «шмат чаго магло б не атрымацца».

Пасьля прагучала некалькі словаў пра загінулых на вайне і супраць фашызму, «у тым ліку і сучаснага». Пасьля адбылася малітва з удзелам праваслаўнага сьвятара з Косава. Скончылася ўсё ўскладаньнем кветак і вянкоў, пасьля чаго даволі хутка байкеры адышлі да месцаў стаянкі сваіх матацыклаў пад пільным наглядам паліцыі, якая да таго ж аддзяляла людзей, якія пратэставалі супраць палітыкі Расеі.

Скончыць свой прабег пуцінскія «ваўкі» плянуюць у Бэрліне 9 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG