У Беластоку нядаўна выйшла кніга «Па Прыпяці па Нобель» журналісткі «Нівы» Ганны Кандрацюк. У ёй аўтарка апісвае свае падарожжы па валынскім Палесьсі, ад вытокаў Прыпяці да мястэчка Нобель, у якім нарадзіўся вядомы беларускі пісьменьнік Сяргей Грахоўскі.
Чаму журналістка беларускамоўнай газэты ў Беластоку напісала кнігу пра Палесьсе ва Ўкраіне, а не пра тое ў Беларусі? Ці не таму, што раней выйшла кніга польскай аўтаркі Малгажаты Шэйнэрт «Насыпаць горы» пра беларускае Палесьсе, пра якую шмат гаварылі ў Польшчы і якая ў 2016 годзе выйшла ў беларускім перакладзе?
«Я, канешне, прачытала кнігу Малгажаты Шэйнэрт, якая абудзіла ўва мне дзікую тугу па Палесьсі. Нейкі час потым адзін знаёмы журналіст з Варшавы папрасіў мяне здабыць яму кантакты на валынскім Палесьсі. Мяне гэта страшна зьбянтэжыла, бо раней я гадоў 15 езьдзіла ва Ўкраіну, але ні разу не заглянула на Палесьсе і ніякіх кантактаў там ня мела. Два кантакты на валынскім Палесьсі дапамог мне знайсьці чалавек зь Пінску, аднак тым часам аказалася, што згаданы журналіст з Варшавы страціў сваю зацікаўленасьць Палесьсем, а я — наадварот, набрала вялікай ахвоты туды паехаць. І паехала, раз, а потым яшчэ восем разоў», — кажа Ганна Кандрацюк.
Свае рэпартажы з падарожжаў да вытокаў Прыпяці і з блуканьняў па дарогах і бездарожжы ўздоўж украінскай часткі ракі Ганна Кандрацюк публікавала ў беластоцкай «Ніве» у 2015—2017 гг. Большасьць зь іх увайшла ў багата ілюстраваную каляровымі і чорна-белымі фатаграфіямі 300-старонкавую кнігу, выдадзеную Праграмнай радай тыднёвіка «Ніва» пры дапамозе гранту зь Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы, празь якое праходзіць урадавае фінансаваньне нацыянальных меншасьцяў у краіне.
Якое было першае ўражаньне ад украінскага Палесься?
«Для мяне гэта было сапраўднае адкрыцьцё, бо раней я думала, што там будзе па аналёгіі зь беларускім Палесьсем — памерлыя вёскі, „дзед, баба і курачка раба“… А насамрэч я там убачыла цалкам жывы край — падобны да таго, які мне запомніўся са свайго дзяцінства на Падляшшы амаль паўстагодзьдзя таму. Я спачатку ня думала пісаць кнігу. Меркавала напісаць усяго некалькі тэкстаў у „Ніву“, але тамтэйшы край захапіў і натхніў мяне да такой ступені, што я туды раз-пораз вярталася на працягу трох гадоў і працягвала пісаць рэпартажы пра штораз іншых людзей і штораз іншыя мясьціны», — прызнаецца Ганна Кандрацюк.
Ганна кажа, што на Палесьсе дабіралася аўтобусам, спачатку ў Ковель, а далей ужо карысталася маршруткамі. Здаралася ёй таксама карыстацца аўтаспынам, а аднойчы, калі апынулася ў мясцовасьці бяз транспарту, ёй давялося прайсьці кілямэтраў дваццаць пехатою. Людзі там трапляліся наогул спагадлівыя, такія, якія ня толькі запросяць у хату паесьці і выпіць, але і запрапануюць пераначаваць.
«Я вельмі хацела наняць мясцовага гіда, які правёў бы мяне праз балоты. Дамовілася з адным, але мне не пашанцавала да канца, бо ён неўзабаве пайшоў у зацяжны запой… Замест яго прыйшла да мяне ягоная жонка з выбачэньнямі і прынесла шмат рыбы як кампэнсацыю за тое, што яе муж не стрымаў свайго абяцаньня. Сардэчныя і далікатныя жывуць там людзі», — адзначае беластоцкая журналістка.
Ганна Кандрацюк падарожнічала па валынскім Палесьсі уздоўж Прыпяці, але па самой рацэ ёй не давялося паплаваць, бо бывала там якраз у такі час, калі Прыпяць была плыткаводная і непраходная для рачнога транспарту. Але, як адзначае журналістка, ёй удалося пабываць каля саміх вытокаў Прыпяці у Любашоўскім раёне.
«Пачатак Прыпяці знаходзіцца каля вёскі Буднікі. Там таксама знаходзіцца небясьпечнае, так сказаць, крыважэрнае балота, якое ў мінулым праглынула шмат людзей — так што вытокі Прыпяці ахінае тыповая палеская аўра небясьпекі і таямнічасьці», — дадае Ганна Кандрацюк.
У кнізе «Па Прыпяці па Нобель» шмат старонак аўтарка прысьвяціла народнай мэдыцыне і народным лекаркам — бабкам-шаптухам, якія замаўляюць розныя хваробы.
«Там неверагодны згустак гэтых бабак-шаптух, часам па тры-чатыры бабкі ў адным сяле. Але я мушу прызнацца, што толькі падчас маёй сёмай паездкі на Палесьсе мне ўдалося патрапіць да такіх жанчын. Людзі там з гэтым асьцярожнічаюць і наогул не вядуць любога чужога адразу да бабкі-шаптухі. Яны як бы ахоўваюць такую народную лекарку і баяцца, каб да яе не прыйшоў нехта непажаданы, хто б хацеў з такога візыту зрабіць нездаровую сэнсацыю або пасьмяяцца», — тлумачыць Ганна.
З кнігі вынікае, што хоць людзі на ўкраінскім Палесьсі жывуць ня надта багата, то беднымі сябе не адчуваюць. Парадаксальна, Палесьсе, якое ўбачыла і апісала Ганна Кандрацюк, явіцца як край даволі сыты і аптымістычны, калі мець на ўвазе Ўкраіну ў цэлым. Чаму?
«Украінскія палешукі вельмі адрозьніваюцца ад жыхараў гарадоў, якія наогул прыгнечаныя эканамічнай сытуацыяй і вайной. На Палесьсі не адчуваюць бяды і грамадзкай дэпрэсіі. І там часта трапляюцца шматдзетныя сем’і; я апісваю адну вясковую сям’ю, у якой адзінаццаць сыноў. Да таго, людзі там вельмі дбаюць пра выгляд сваіх сялібаў, усюды шмат кветак, усюды акуратныя агароды, усе нешта садзяць і вырошчваюць, каб пракарміць сябе і нават падтрымаць сваякоў у горадзе. Тамтэйшыя палешукі не развучыліся працаваць. Напрыклад, у адным месцы я згадваю дырэктара школы, які пасьвіў кароў. Проста прыйшла на яго чарга ў сяле, і ён пайшоў пасьвіць, як звычайны калгасьнік».
На якой мове гавораць на ўкраінскім Палесьсі? Наколькі гэты край русыфікаваны?
«Рускай мовы я там увогуле ня чула. Яе, канешне, ведаюць, але на ёй не гавораць. Усе лічаць сябе ўкраінцамі, але ўсе адначасова маюць сьвядомасьць, што гавораць „па-свойму“, а не па-ўкраінску. У адной школе я нават чула нараканьні настаўнікаў, што дзеці на ўроках адказваюць па-ўкраінску, але на перапынках між сабою гавораць толькі па-свойму і немагчыма іх адвучыць ад гэтага. Вельмі падобна, як некалі было ў нас на Падляшшы».
На якой мове гаварыла з украінскімі палешукамі Ганна Кандрацюк?
«Я любіла туды езьдзіць, таму што я там гаварыла на сваёй падляскай старажытнай мове, і мяне ўсюды разумелі з паўслова. Што больш, чуючы тамтэйшыя гаворкі, я прыгадвала шмат сваіх забытых словаў, якія ў нас ужо выйшлі з ужытку. Так што гэта для мяне былі вельмі кранальныя і натхняльныя паездкі. А ўвогуле моўны космас адкрыўся для мяне аднаго разу на кірмашы ў Дубровіцы, куды зьяжджаюцца людзі з шасьці навакольных сёлаў, і ў кожным з гэтых сёлаў гавораць па-іншаму. Шкада толькі, што там ніхто нічога ня робіць, каб запісваць гэтыя дыялекты і падтрымліваць іх нейкім чынам».
Кніга «Па Прыпяці па Нобель» выйшла ў Беластоку накладам 500 асобнікаў. Ганна Кандрацюк, якая пабывала з прэзэнтацыямі кнігі ня толькі на Падляшшы, але ў Варшаве і ў Берасьці, кажа, што засталося ўжо ня больш за 150 асобнікаў.
Фота з Палесься Ганны Кандрацюк
* * *
Ганна Кандрацюк нарадзілася ў Кутлоўцы на Падляшшы. Закончыла Варшаўскі ўнівэрсытэт. Ад 1993 году працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва». Піша на беларускай і польскай мовах. Апублікавала пяць кніг: «W stronę Tarasiewicza» (два выданьні, 2002 і 2004), «Царская трызна» (2007), «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С." (2010), «Беларусь. Любоў і маразм» (2013), «Па Прыпяці па Нобель» (2017). Запісала кампакт-дыск са старадаўнімі падляскімі песьнямі «Žuryłasie Kateryna» (2005). Пачынаючы ад 1995 году, праводзіць сэмінары па журналістыцы для дзяцей і моладзі — гэтак званыя «Сустрэчы Зоркі». Жыве ў Беластоку.